Кошты на бензін могуць падвысіцца ізноў


Кошты на бензін сёлета могуць павялічыцца яшчэ раз. Такое меркаванне выказаў аналітык Сяргей Чалы, каментуючы сённяшняе падаражанне нафтапрадуктаў на 31 %. Як адзначае эксперт, усё тлумачыцца дэвальвацыяй беларускага рубля.

“Спачатку цэны падвысілі на 20 %, цяпер – на 31 %. Гэта значыць, фактычна адыгралі дэвальвацыю, якая стварыла дыспарытэт коштаў, у выніку чаго стала выгадна вывозіць нафтапрадукты за мяжу. Зараз зрабілі так, каб нафтапрадукты вывозілі НПЗ, а не прыватныя асобы, і каб валютны прыбытак заставаўся ў канцэрне, а не ў насельніцтва”, – кажа аналітык.

Эксперт падкрэсліў, што ў выпадку далейшага росту курсу даляра цэны на паліва ізноў павялічацца. Улічваючы, што рынкавы курс, на меркаванне экспертаў, вышэйшы за афіцыйны прыкладна на тысячу рублёў, гэтага і варта чакаць, мяркуе Чалы.

Апоўначы 7 чэрвеня падвысіліся кошты на прадукцыю канцэрну “Белнафтахім”. Адпаведны загад атрымалі ўвечары 6 чэрвеня аператары сетак бензастанцыяў. Ад 00:00 кошт дызельнага паліва складае 5100 руб. за літр (рост кошту на 30,8 %), бензіну А92 – 5100 руб. за літр (на 29,1 %), А95 – 5800 руб. за літр (на 33,3 %), А80 – 4950 руб. за літр (на 28,6 %).

belsat.eu

Стужка навінаў