Аўтааматары будуць пратэставаць


Акцыя “Стоп бензін” мае адбыцца сёння ў Менску а 19-й гадзіне ў новым фармаце. Удзельнікам прапануюць збірацца ў дварах і на маленькіх вуліцах уздоўж праспекту Незалежнасці, каб у пазначаны час выехаць на галоўны праспект сталіцы. Такі фармат “выключае магчымасць ціску з боку дзяржаўтаінспекцыі ды практычна ёсць бездакорным што да спробаў сарваць акцыю ці перашкодзіць яе ўдзельнікам”, – адзначана на сайце кампаніі.

“Пакуль планы не змяніліся. Дый ад нас ужо даўно нічога не залежыць – ініцыятыва ідзе з нізоў”, – паведаміў “Белсату” намеснік дырэктара кампаніі “За аўта” Фёдар Сухаў.

Аўтааматары збіраюцца рухацца па праспекце агульнаю калонаю з малою хуткасцю і ўключанаю “аварыйкаю”. На ўчастку ад плошчы Якуба Коласа да цырку ўдзельнікі акцыі плануюць зрабіць невялікі затор: “Гэтак мы спаралізуем галоўную магістраль, прылеглыя вуліцы і данясем сваю незадаволенасць сітуацыяй, якая склалася: ростам кошту паліва і зніжэннем нашага ўзроўню жыцця”.

Арганізатары акцыі заклікаюць удзельнікаў не паддавацца на правакацыі прадстаўнікоў праваахоўных органаў, не сварыцца з імі, быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны і адстойваць уласныя правы.

Ад 7 чэрвеня бензін падаражэў на 30 %. Гэта ўжо чацвёртае павышэнне коштаў сёлета і другое за апошнія два тыдні.

belsat.eu

Стужка навінаў