Працэс над Пачобутам будзе закрыты


Суд задаволіў адпаведнае хадайніцтва пракуратуры.

Пра гэта жонка Андрэя Пачобута Аксана даведалася сёння, калі са старэйшаю дачкою прыйшла ў ізалятар на спатканне з мужам. “Гэта была першая навіна, якой Андрэй мяне сустрэў. Я ледзь не ўпала”, – распавяла “Белсату” Аксана Пачобут. Жанчына гаворыць, што родных і сяброў пусцяць толькі на абвешчанне выраку.

Андрэй Пачобут пісаў жонцы, што працэс будзе закрыты. “Але я нічога не атрымлівала, мяркую, што гэты ліст да мяне трапіць ужо пасля суда”, – абураецца Аксана Пачобут.

Спадарыня Пачобут гаворыць, што нягледзячы на вельмі непрыемную навіну Андрэй трымаецца бадзёра. Скардзіцца толькі на задуху ў камеры. Папрасіў перадаць яму адмысловую мазь, з чаго Аксана робіць выснову, што ў Андрэя пачаліся праблемы са спінаю. “Наконт прысуду Андрэй ілюзіяў не мае і рыхтуе нас усіх да таго, што яму давядзецца сядзець у калоніі”, – гаворыць жонка журналіста.

Карэспандэнту “Gazety Wyborczej” Андрэю Пачобуту выставілі абвінавачанне паводле двух крымінальных артыкулаў: “абраза прэзідэнта” і “паклёп на прэзідэнта”. Гарадзенскаму журналісту пагражае ад 2 да 4 гадоў зняволення. Працэс распачнецца 14 чэрвеня ў Ленінскім раённым судзе Гародні. Весці яго будзе суддзя Віталь Ляцко.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары