Павел Быкоўскі: Я не веру ў інтэрнэт-рэвалюцыю ў Беларусі


Паводле даследаванняў, сайты сацыяльных сетак наведваюцца цяпер нашмат часцей за старонкі медыяў. Прыкладна дзве траціны тых, хто даведваецца пра падзеі ў свеце праз інтэрнэт, карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. Такія звесткі падае беларускі журналіст Павел Быкоўскі.

“Значэнне сацыяльных сетак дастаткова вялікае. Паводле сучасных журналісцкіх стандартаў менавіта першы абзац падае сутнасць навіны. Таму немагчыма сказаць, што маладыя людзі, якія чытаюць сацыяльныя сеткі, але не чытаюць газетаў, – не інфармаваныя. Яны інфармаваныя, але, можа быць, не так дэталёва”, – дадае ён.

Пры гэтым журналіст даволі скептычна ставіцца да магчымасці інтэрнэтнай рэвалюцыі ў Беларусі: “Напэўна, больш аптымістычна да такіх прагнозаў ставіліся працаўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі, што якраз затрымалі людзей, якія ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” заклікалі выйсці на вуліцу дзеля нейкай інтэрнэт-рэвалюцыі ў Беларусі”.

Незадаволенасць людзей палітычнай сітуацыяй у краіне найперш відаць у сацыяльных сетках, дзе няма пакуль што цэнзуры і рэдакцыі, “на якую можа націснуць”. Але выявілася, што “можна націснуць на кіраўнікоў суполак у сацыяльных сетках. Да іх можна прыйсці, іх можна абвінаваціць, напрыклад, у тым, што яны лаяліся матам падчас ператрусу ў іхных кватэрах”, – дадае журналіст.

У мінулую пятніцу 3 чэрвеня адміністратар суполак “ВКонтакте” “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” Дзмітрый Няфёдаў і Сяргей Паўлюкевіч, адказны за супольнасць “Мы за вялікую Беларусь”, былі затрыманыя працаўнікамі КДБ. У іх адабралі камп’ютары. На Няфёдава склалі пратакол аб адміністратыўным парушэнні – за тое, што падчас ператрусу малады чалавек нібыта нецэнзурна лаяўся.

belsat.eu

Стужка навінаў