Мікалай Статкевіч напісаў заяву на перавод у калонію


Палітык хоча, каб яго накіравалі ў спецустанову яшчэ да разгляду касацыйнае скаргі.

Як паведаміла “Белсату” жонка зняволенага Марына Адамовіч, скаргу на прысуд 6 чэрвеня падала ў Менскі гарадскі суд адвакатка Таццяна Станкевіч. Калі заяву разгледзяць, пакуль невядома. Падаваць скаргу ад свайго імя экс-кандыдат на прэзідэнта не стаў: “Мікалай сказаў, што для яго прынцыповы сам факт абскарджання выраку. Маўляў, каб потым не гаварылі, што ён прызнае сябе вінаватым. Таму вырашыў, што скаргі адваката будзе дастаткова”.

Жанчына гаворыць, што з 3 чэрвеня Мікалай Статкевіч утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. “Умовы там самі ведаеце якія, а зараз яшчэ і вельмі спякотна. Цяжка ўсё гэта выносіць. Да таго ж, ён хоча хоць бы і ўмоўнай свабоды, каб бачыць сонца і неба не толькі праз краты”, – тлумачыць Марына Адамовіч рашэнне палітыка аб датэрміновым пераводзе ў калонію.

Сёння касацыйныя скаргі на прысуд таксама падаў адвакат Дзмітрыя Вуса Уладзімір Сазанчук. Абскардзіў прысуд і ягоны падабаронны.

Супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на мінулых выбарах – Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса – асудзілі за арганізацыю масавых беспарадкаў на 6 і 5,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў