Мінюст патрабуе ад БХК “расплаціцца з дзяржаваю”


Міністэрства юстыцыі вынесла другое сёлета пісьмовае папярэджанне Беларускаму Хельсінкскаму камітэту. Падстава – “парушэнні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар”, паведамляе сайт БХК.

Канфлікт паміж падатковай інспекцыяй і БХК, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыяй, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспекцыя выставіла прэтэнзіі да БХК за няплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасці гуманітарнае дапамогі паводле праграмы ТАСІС.

Улетку 2004 года Гаспадарчы суд Менску зняў з БХК абвінавачанні ва ўхіленні ад платы падаткаў на сродкі, задзеяныя ў межах праграмы ТАСІС, аднак гэтае рашэнне апратэставаў намеснік старшыні Найвышэйшага гаспадарчага суда Яўген Смірноў. У снежні 2004 года прэзідыум Вярхоўнага суда задаволіў ягоны пратэст і забавязаў БХК выплаціць падаткі ды штрафныя санкцыі сумаю, эквівалентнаю прыкладна $ 75 тыс. 1 лістапада 2006 года гаспадарчы суд Менску пастанавіў канфіскаваць частку маёмасці БХК на Br 255 тыс. у лік выплаты Br 160 млн штрафу і падатковых запазычанасцяў.

Цяпер Міністэрства юстыцыі загадвае БХК ліквідаваць запазычанасць у бюджэт у месячны тэрмін.

Першае сёлета папярэджанне БХК атрымаў 12 студзеня. Міністэрства звярнула ўвагу на дзейнасць аб’яднання пасля таго, як праваабаронцы паведамілі адмысловай спавяшчальніцы ААН у пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыеле КнаУл (Gabriela Knaul) пра ўціск уладаў на адвакатаў – абаронцаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня, а таксама пра іншыя факты пераследу і запалохвання адвакатаў у Беларусі. На думку Міністэрства юстыцыі, “мела месца распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь”.

belsat.eu

Стужка навінаў