Сяргей Чалы: Гэты спектакль зладжаны для МВФ


Урад Беларусі прыняў таямнічы антыкрызісны план, а неўзабаве рассакрэціў яго дзеля псіхалагічнага ўздзеяння на місію Міжнароднага валютнага фонду, мяркуе фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што план прадугледжвае перадусім кароткатэрміновыя захады дзеля стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне. Пры гэтым карысныя новаўвядзенні – кшталту скарачэння інвестыцыйных праграмаў, дэфіцыту бюджэту і падаражання паслугаў ЖКГ – зводзяцца на нішто “абсалютна антырынкавымі рэчамі кшталту кантролю над цэнамі ды індэксацыі даходаў”.

Сяргей Чалы называе дакумент фрагментарным і “даволі дзіўным” і падкрэслівае, што ніякіх структурных пераўтварэнняў не прадугледжана. Пра тое, што план скіраваны на кароткатэрміновыя захады, сведчыць наступнае: “Там нічога не згадваецца далей за 2011 г., за выключэннем дэкларатыўных рэчаў. Наўрад ці трэба яго сур’ёзна ўспрымаць, бо ён, відаць, у большай ступені пісаўся дзеля дэманстрацыі намераў ураду”.

Фінансавы аналітык мяркуе, што да рэалізацыі карысных для эканомікі пунктаў не дойдзе: “Вырашэнне праблемаў на валютным рынку схаванае недзе ў чацвёрты пункт, таму гэта, хутчэй, адчэпка, а рабіцца будзе тое, што пазначана ў першай частцы”. То бок – кампенсацыя даходаў пасля дэвальвацыі.

“Беручы да ўвагі спектакль з раскрыццём сакрэтнасці – гэта, хутчэй, элемент псіхалагічнага ўздзеяння, у тым ліку і на місію МВФ”, – гаворыць Сяргей Чалы. Ён мяркуе, што калі нешта і зможа дапамагчы рэфармаванню эканомікі – гэта новая праграма супрацы з МВФ.

Урад Беларусі абнародаваў “План дзеянняў дзеля забеспячэння збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курсу беларускага рубля”. План зацвердзіў Савет Міністраў пастановаю № 662 ад 25 траўня 2011 г. Пастанову і план 3 чэрвеня змясцілі на сайце ўраду.

belsat.eu

Стужка навінаў