Яўген Ліпковіч: Параноя сталася дзяржаўнаю хваробаю


Так вядомы блогер пракаментаваў навіну аб блакаванні сваёй старонкі ў LiveJournal.

Прадпрыемства па нагляду за электрасувяззю “БелДІЭ” палічыла, што блог Яўгена Ліпковіча “распаўсюджвае інфармацыю дэструктыўнага характару і здзекуецца з дзяржаўнай сімволікі”, таму доступ да яго для дзяржаўных структураў, установаў адукацыі ды культуры мусіць абмежавацца.

“Гэта сведчыць, што параноя сталася ў нас дзяржаўнаю хваробаю”, – гаворыць Яўген Ліпковіч. Ён адзначае, што за знявагу дзяржаўных сімвалаў у Беларусі прадугледжваецца крымінальная адказнасць: “Калі БелДІЭ вінаваціць мяне ў гэтым, цікава, чаму на мяне не падалі ў суд?”

“Ну, я з імі адназначна буду судзіцца. І буду рабіць тое, што і рабіў, толькі яшчэ лепш і якасней”, – дадае Яўген Ліпковіч. Блогер гаворыць, што намераны абыйсці забарону – дубляваць свой блог на вядомых у Беларусі інтэрнэт-сайтах.

Нагадаем, раней у спіс абмежаванага доступу ўнеслі charter97.org, belaruspartisan.org і prokopovi.ch

belsat.eu

Стужка навінаў