Спачатку прыватызацыя – потым крэдыт?


Сёння ў Кіеве абмяркуюць пытанне аб вылучэнні Беларусі крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

У сталіцы Украіны пройдзе 5-е паседжанне сталай нарады міністраў фінансаў дзяржаваў-ўдзельніц СНД. У ім удзельнічае і міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец. У межах сустрэчы адбудзецца сход рады Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Як паведаміў 19 траўня міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, плануецца разгледзець заяўку і крэдытную прапанову аб Беларусі, Арменіі ды Кыргызстане.

Кудрын падкрэсліў, што неабходнай умоваю для атрымання Беларуссю крэдыту ёсць прыватызацыя.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 19 траўня заявіў, што Беларусь узгадніла ўмовы ды падыходы атрымання крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Паводле яго, будзе вырашацца пытанне аб вылучэнні Беларусі трох ці, магчыма, трох з паловаю мільярдаў долараў цягам трох гадоў. “Першы транш крэдыту ацэньваецца дзесьці ў $ 800 млн/ Прыкладна на пачатку восені будзе другі транш, крыху больш за $ 400 млн у разліку на тое, што, у прынцыпе, на тры гады – $ 3 млрд”, – сказаў прэм’ер.

Што да ўмоваў, то яны – макраэканамічныя, падкрэсліў Мясніковіч. З ягоных словаў, пры дапамозе крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь разлічвае “хутка вырашыць назапашаныя праблемы і ў далейшым пачаць працаваць паводле сцэнарыя, які б забяспечваў збалансаваную працу эканомікі”.

Нагадаем, на пачатку 2011 года ўлады Беларусі звярнуліся да ўраду Расеі па крэдыт у $ 1 млрд і да Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС – па крэдыт у $ 2 млрд.

belsat.eu

Стужка навінаў