Ратавальны план больш не сакрэтны


Урад Беларусі абнародаваў План дзеянняў у забеспячэнні збалансаванага развіцця эканомікі ва ўмовах змянення афіцыйнага курсу беларускага рубля. План зацвердзіў Савет Міністраў пастановаю № 662 ад 25 траўня 2011 года. 3 чэрвеня пастанову і план змясцілі на сайце ўраду.

У адпаведнасці з раздзелам плану, які ўтрымлівае захады ў рэгуляванні сітуацыі на валютным рынку, у Беларусі прадугледжваецца “адмена ільготаў на абавязковы продаж замежнай валюты для пашырэння доступу суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці да набыцця замежнай валюты для абслугоўвання вонкавага карпаратыўнага доўгу”.

Дакумент таксама прадугледжвае магчымасць выплаты падаткаў і збораў у замежнай валюце. Адказныя выканаўцы ў гэтым пытанні – Міністэрства фінансаў і Міністэрства эканомікі, якія мусяць падрыхтаваць адпаведны дакумент да 10 чэрвеня. Акрамя гэтага, плануецца змяніць дзейны парадак уліку курсавых розніцаў, каб мінімізаваць іх уплыў на фінансавы стан арганізацыяў.

Прадугледжваецца часовае пашырэнне сферы выкарыстання замежнай валюты пры разліках з фізічнымі асобамі на тэрыторыі Беларусі. Таксама плануецца, што Міністэрства фінансаў Беларусі ды канцэрн “Белдзяржхарчпрам” “аптымізуюць стаўкі акцызаў на алкагольную прадукцыю і тытунёвыя вырабы дзеля іх паэтапнага збліжэння з узроўнем ставак, дзейных у Расейскай Федэрацыі”.

Таксама плануецца скараціць на 30 % фінансаванне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, перадаўшы аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму паўнамоцтвы размяркоўваць фінансавыя рэсурсы і шукаць дадатковыя пазабюджэтныя неэмісійныя крыніцы фінансавання. Адпаведны дакумент маюць прыняць да 1 ліпеня.

Міністэрства фінансаў Беларусі да 1 ліпеня ўдакладніць бюджэт 2011 года і зменшыць яго дэфіцыт да памеру не больш як 1,5 % сукупнага ўнутранага прадукту.

У ліку запланаваных захадаў – “індэксацыя тарыфаў на электрычную і цеплавую энергію для юрыдычных асобаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў; аптымізацыя раздробных цэнаў на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, каб ліквідаваць дыспарытэт цэнаў з сумежнымі дзяржавамі; удакладненне тарыфаў на паслугі гарадскога транспарту, прыгарадных аўтаперавозаў, перавозаў пасажыраў чыгуначным транспартам, на паслугі сувязі”.

Акрамя таго, план прадугледжвае забеспячэнне да канца 2011 года 30-адсоткавага ўзроўню кампенсавання насельніцтвам выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі з павелічэннем адпаведных тарыфаў у два этапы.

belsat.eu

Стужка навінаў