Саннікаў паедзе ў калонію з «хімічным» паветрам


Экс-кандыдата на прэзідэнта адпраўляюць у Наваполацкую калонію № 10. З палітычных вязняў там адбывае пакаранне Мікіта Ліхавід, неўзабаве туды ж прывязуць і Алеся Кіркевіча.

Наваполацкая калонія вядомая вельмі строгім норавам адміністрацыі ды не вельмі добрай экалогіяй. «На яе тэрыторыі амаль няма дрэваў, толькі некалькі елак ля адміністрацыйнага будынку, травы там таксама няма – пясок ды каменьчыкі пад нагамі», – распавядае Алена Ліхавід.

Ёй на мінулым тыдні ўдалося наведаць сына Мікіту, які цяпер утрымліваецца ў штрафным ізалятары за невыкананне правілаў унутранага распарадку. Маці палітвязня гаворыць, што спецустанова месціцца побач з заводам «Палімір»: «Там нават у паветры адчуваецца пах гэтай хіміі, і яшчэ мне распавялі, што ў калоніі вельмі дрэнная вада. Цяпер высвятляю, як бы перадаць Мікіту фільтр для вады».

Алена Ліхавід гаворыць, што зняволеныя ўтрымліваюцца ў бараках, у якіх раней жылі будаўнікі заводу. Кожны барак мае агароджу. На ўсю калонію толькі адна невялікая спартовая пляцоўка.

Яшчэ не вядома, калі Андрэя Саннікава перавядуць з СІЗА ў калонію. У «Валадарцы» таксама пакуль застаецца і Алесь Кіркевіч. «Я бачылася з ім 25 траўня. Настрой у яго бадзёры, але ў хуткае вызваленне Алесь не верыць», – распавяла маці зняволенага маладафронтаўца Ларыса Кіркевіч. Паводле жанчыны, Алесь хоча дачакацца разгляду касацыі ў Менску і не будзе прасіць пра датэрміновы перавод у спецустанову.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары