Ягораў: МВФ не будзе «купляць» палітвязняў


Міжнародны валютны фонд – гэта фінансавая інстытуцыя, таму “не трэба ўсё зводзіць да гандлю палітзняволенымі ды палітычнай сітуацыі”, – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Нагадаем, што ўрад і Нацыянальны банк Беларусі адправілі заяўку ў МВФ на атрыманне стабілізацыйнага крэдыту. Беларусь разлічвае мець ад $ 3,5 млрд да $ 8 млрд у межах новай праграмы супрацы з МВФ.

Працэс умоўнага гандлю палітзняволенымі будзе, хутчэй, ісці з Еўразвязам, чым з МВФ, лічыць Дырэктар цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Умовы ж Еўразвязу жорсткія: “Гаворка можа быць толькі пра нармальную палітычную лібералізацыю і, натуральна, вызваленне ўсіх”.

Паводле Ягорава, калі ўрад Беларусі гэтыя патрабаванні выканае, магчыма, Еўрапейскі Звяз вернецца да размовы пра $ 3 млрд, якія міністры замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ды Нямеччыны Гвіда Вэстэрвэле абяцалі падчас візіту ў Беларусь напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў – у выпадку адпаведнасці выбараў дэмакратычным стандартам.

Раней экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч выказаў думку, што ўладам не ўдасца атрымаць крэдыту МВФ, пакуль у Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Андрэй Ягораў адзначыў, што шанцы ёсць, але гэта будзе залежаць ад згоды кіраўніцтва Беларусі выканаць патрабаванні, перадусім эканамічныя: прыватызацыя і рэгуляванне праблемаў з плацежным балансам у краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў