Урад прыняў антыкрызісны план, але гэта - сакрэт


Антыкрызісны план ураду Беларусі будзе закрыты для грамадскасці. Пра гэта намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур заявіў 3 чэрвеня на пазачарговым паседжанні Нацыянальнага савету па працоўных і сацыяльных пытаннях.

“Прыняты план дзеянняў ураду ва ўмовах дэвальвацыі. Гэта план закрыты, мы не маем права яго прадставіць”, – цытуе Андрэя Тура агенцтва “Интерфакс-Запад”.

Старшыня Менскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі на гэта заявіў: “Калі ўрад робіць таямніцу з сваіх захадаў, нам і наймальнікам будзе цяжка ісці ў рэчышчы з урадам”.

Ён выказаў меркаванне, што калі ўрад не прыме радыкальных захадаў, каб палепшыць сітуацыю, давер насельніцтва да ўраду захаваецца максімум да сярэдзіны жніўня: “Урад Беларусі прайграў ужо інфармацыйную і эканамічную вайну, і выправіць становішча можна толькі рэальнымі дзеяннямі, а не абяцаннямі. Давер насельніцтва да ўраду захаваецца да сярэдзіны жніўня, то бок да значнага росту выдаткаў працоўных, звязаных з пачаткам ацяпляльнага сезону і прадрыхтоўкаю дзяцей да школы”.

Паводле Беланоўскага, “у выпадку непрыняцця захадаў можа пагоршыцца сітуацыя на прадпрыемствах рэальнага сектару эканомікі, знізіцца занятасць і вырасці сацыяльная напружанасць”. Ён прапанаваў ураду павялічыць дапамогу па беспрацоўі і выпрацаваць больш жорсткія механізмы кантролю над цэнамі.

belsat.eu

Стужка навінаў