Выбухі ў Расеі: эвакуявана 28 000 чалавек


Уначы з 2 на 3 чэрвеня на вайсковым складзе ва Удмурцкай Рэспубліцы пажар справакаваў выбухі снарадаў.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва ИТАР-ТАСС. Вайсковая частка месціцца ў сяле Пугачове – за 40 км ад Іжэўску, сталіцы Удмуртыі. Пажар і выбухі, ад якіх пацярпелі 30 чалавек, абудзілі жыхароў сталіцы. Восем пацярпелых шпіталізавалі.

У радыусе 10 км ад небяспечнай зоны эвакуявалі болей за 28 000 чалавек. На тэрыторыі часткі згарэў двухпавярховы адміністрацыйны будынак. На тушэнне пажару, які працягваўся ранкам, з Масквы накіраваныя самалёты і верталёты, а таксама цяжкі робат, створаны для тушэння полымя і размінавання. На месцы здарэння працуюць больш за 500 чалавек.

Першыя паведамленні пра дзіўнае марыва з’явіліся на іжэўскім інтэрнэт-форуме. Неўзабаве інфармацыю афіцыйна пацвердзілі ў рэспубліканскім МНС.

26 траўня падобнае здарэнне адбылося на 99-м вайсковым арсенале ля башкірскага пасёлку Урман. Там неасцярожнае абыходжанне з боепрыпасамі справакавала выбухі снарадаў і вялікі пажар. Як вынік, пацярпелі 12 чалавек, 115 засталіся без даху над галавою.

belsat.eu

Стужка навінаў