Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк з’явіцца пад Менскам


Праз 5 гадоў дзякуючы яму плануецца павысіць ВУП удвая.

Пад гэты аб’ект ужо вызначылі пляцоўку. Парк размесціцца каля Нацыянальнага аэрапорту «Менск» і будзе займаць плошчу памерам 5,5 тыс. га. Распрацоўнікі абапіраюцца на расейскі досвед стварэння падобнага аб’екту – «Сколково». Цяпер ідуць перамовы пра заключэнне міжурадавага пагаднення, што дазволіць дакладна вызначыць, якія сродкі будзе выдзяляць кожны з бакоў і якую канкрэтную працу будзе рабіць.

«У нас вялікія планы наконт гэтага парку. Кітайскія навукоўцы і бізнесоўцы маюць добры досвед у гэтай сферы, таму мы ахвотна пайшлі на супрацу з імі, – кажа старшыня камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Аляксандр Крапак. – Дзякуючы працы індустрыяльнага парку ўжо праз 5 гадоў мы зможам падвоіць ВУП. Гэта будзе зроблена коштам паставак канкурэнтаздольнай прадукцыі на сусветныя рынкі. Тут жа мы будзем ажыццяўляць шэраг імпартазамяшчальных праектаў». Улады Беларусі разлічваюць таксама, што дзякуючы новай пляцоўцы для навуковай дзейнасці скароціцца эміграцыя беларускіх даследнікаў і навукоўцаў.

«Нашыя спецыялісты паказваюць добрыя вынікі, але бракуе якаснага абсталявання, для правядзення вопытаў і даследаванняў няма сучаснай тэхнікі. У выніку нашыя навукоўцы па тры–пяць гадоў працуюць над тым, што за мяжою магчыма ажыццявіць за паўгода», – адзначыла навуковая супрацоўніца Фізіка-тэхнічнага інстытуту НАН РБ Ірына Мурашова.

belsat.eu

Стужка навінаў