Бэрнд Штанге хоча перамагчы Францыю


«Наша мэта – перамагчы ў заўтрашнім матчы, калі французы нам гэта дазволяць», – заявіў галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бэрнд Штанге.

«У нас добры дух, я абсалютна ўпэўнены ў сіле сваіх гульцоў. Каманда максімальна матываваная і будзе змагацца да апошняга. Я магу адразу назваць вам дзясятак прыкладаў, калі каманды трэцяй-чацвёртай лігаў перамагалі грандаў», – сказаў нямецкі адмыслоўца.

У той жа час зборную спасціглі чарговыя страты: атрымалі траўмы Вячаслаў Глеб і Дзмітрый Молаш (у матчы з Францыяй ён не бярэ ўдзел з прычыны дыскваліфікацыі, але мог згуляць з Люксембургам).

Паводле Штанге, каманда не збіраецца адседжвацца ў абароне і будзе шукаць свайго шанцу ў контратаках. «Трэба гуляць шчыльна, не даваць французам гуляць. Калі яны заб’юць – адгуляцца будзе цяжка», – падкрэсліў трэнер.

«Нам патрэбны баланс паміж рослымі і меней рослымі гульцамі, – адзначыў ён. – У французаў нямала гульцоў ростам 180–190 сантыметраў, яны вельмі небяспечныя пры выкананні «стандартаў». Таму нам нельга даводзіць справу да гэтага. Нам не перашкодзяць 3–4 высокія гульцы, але ў Беларусі з гэтым праблема».

Штанге выказаў занепакоенасць, што на стадыёне «Дынама» 3 чэрвеня не будзе аншлагу, «бо ў людзей у Беларусі хапае іншых праблемаў».

Сяргей Кісляк, які забіў пераможны мяч у браму французаў у Парыжы, адзначыў, што супернік стаў мацнейшы ў параўнанні з восенню і ў Менску будзе больш атакаваць. «Але думаю, што моманты ў нас будуць і імі трэба толькі скарыстацца», – адзначыў футбаліст. Ён не пагадзіўся з меркаваннем трэнера зборнай Францыі Лёрана Бляна, які напярэдадні вылету ў Менск заявіў, што па-ранейшаму лічыць незаслужаным паражэнне на «Стад дэ Франс».

Паводле Кісляка, яго задаволіць нічыя з французамі, калі праз чатыры дні беларуская каманда выгуляе наступны матч кваліфікацыі Еўра-2012 у Люксембурзе.

Як заявіў абаронца Віталь Трубіла, нічыя са зборнаю Францыі будзе поспехам, «але дома, пры сваіх заўзятарах, трэба гуляць на перамогу».

belsat.eu

Стужка навінаў