Катынь - забітыя 1226 афіцэраў з Беларусі (відэа)


Крывавы след сталінскіх злачынстваў вядзе гісторыкаў у Беларусь. Масавыя расстрэлы польскіх грамадзянаў праводзіліся і ў нашай краіне. Гісторыкі лічаць, што імёны замардаваных сталіністамі знаходзяцца ў асобным беларускім спісе. Калі расейскі ды ўкраінскі спісы агучылі, то беларускі да сёння застаецца таямніцаю.

Ці расправа над польскімі афіцэрамі, якая адбылася 70 гадоў таму, вартая сёння ўвагі беларусаў? Амаль кожны трэці з расстраляных у катынскім лесе пад Смаленскам польскіх афіцэраў быў радавітым беларусам. Так сцвярджае беларускі гісторык Ігар Кузняцоў у фільме “Катынь. 70 год пасля”, знятым для тэлеканалу “Белсат”.

У 35-хвіліннай стужцы няма падрабязнага аповеду пра катынскі расстрэл. Аўтары акцэнтуюць увагу на іншых аспектах, шукаючы адказу на пытанні: чаму сярод соцень спаленых фашыстамі вёсак для ўсталявання мемарыяльнага комплексу памяці ахвяраў улады выбралі вёску з падобнаю назваю – Хатынь? Чаму ў месцы масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Трасцянцы савецкія ўлады зрабілі гарадское сметнішча? Чаму нават цяпер, ужо ў сённяшняй Расеі, дакументы пра катынскую трагедыю ды іншыя злачынствы дзяржавы, якой ужо няма, застаюцца пад грыфам «сакрэтна». Як, зрэшты, і ў сучаснай Беларусі. Хто зацікаўлены ў маўчанні? Ці падзеі 70-гадовай даўніны сталіся для нас гісторыяй, якую можна апісаць у падручніках?

У фільме выступілі вядомыя беларускія, польскія і расейскія гісторыкі, сярод якіх Галіна Андэенкава, Ігар Кузняцоў, Аляксандр Гур’янаў, Аляксей Памятных, Кшыштаф Ясевіч і Войцех Матэрскі.

Прэм’ера фільму 22 кастрычніка а 21.40

Стужка навінаў