Дэйвід Крэймэр: Захад цяпер мусіць узмацніць ціск на Лукашэнку


“Я спадзяюся, што ніхто не будзе дапамагаць Лукашэнку выбірацца з сітуацыі, якую ён сам сабе і стварыў”, – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу ARU выканаўчы дырэктар “Freedom House” (ЗША) Дэйвід Крэймэр, які раней займаў пасаду намесніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы.

“Я думаю, што Лукашэнка сутыкнуўся з самаю сур’ёзнаю для сябе пагрозаю. Беларусь стаіць перад перспектываю эканамічнага краху. Больш за тое, Лукашэнка “закручвае гайкі”, як мы ўбачылі і 19 снежня, і пазней. Гэта сведчыць, што сітуацыя ў Беларусі дасягнула крытычнага пункту. На мой погляд, Захад цяпер мусіць толькі ўзмацніць ціск, а не дапамагаць Лукашэнку”, – падкрэсліў Крэймэр.

Паводле яго, Лукашэнка “стаіць на тонкім лёдзе”. “І нам трэба дапамагчы яму пад гэты лёд праваліцца, што, у прынцыпе, можа прывесці да краху ягонага рэжыму”, – заявіў выканаўчы дырэктар “Freedom House”. “А гэта будзе добра для Беларусі. Гэта будзе добра і для Еўропы, і гэта будзе добра для ўсіх, хто падтрымлівае дэмакратыю. Так што, спадзяюся, ніхто не будзе дапамагаць Лукашэнку выбірацца з сітуацыі, якую ён сам сабе і стварыў. Наадварот, нам трэба, каб ён хутчэй зразумеў: гульня скончаная”, – сказаў ён.

На думку Крэймэра, найбольш эфектыўнымі захадамі дзеля гэтага сталі б эканамічныя санкцыі. “Эканамічныя санкцыі, якія мае ўвесці Еўрапейскі Звяз. Больш за тое, трэба давесці Лукашэнку, што не будзе ніякіх крэдытаў або бонусаў з боку Міжнароднага валютнага фонду. Да таго ж Расея кажа, што яна таксама не дасць крэдытаў – з іншых прычынаў. Але ў цэлым, калі Лукашэнка не атрымае крэдытаў МВФ і не атрымае расейскіх грошай, у яго ўзнікнуць вялікія праблемы. Мы таксама можам дапамагчы ў гэтай сітуацыі, калі Еўразвяз увядзе эканамічныя санкцыі, якія, я ўпэўнены, ужо дапамаглі палітзняволеным у 2007 і ў 2008 гг. Забароны на ўезд і замарожванне актываў таксама добрыя – але яны недастатковыя. Так што трэба зрабіць больш, каб зацягнуць пятлю вакол Лукашэнкі”, – заявіў ён.

Пры гэтым Крэймэр упэўнены, што ўвядзенне санкцыяў з боку Захаду не штурхне Беларусь у бок Расеі. “Я б сказаў, што ў рэальным жыцці гэтага не здаралася з часу прыходу Лукашэнкі да ўлады. Наадварот – яму заўсёды ўдавалася сутыкаць Расею і Захад ілбамі. Калі ЕЗ і ЗША ўвялі санкцыі ў 2006 г., і ЗША затым увялі дадатковыя санкцыі, то яны не грунтаваліся на тым, ці падштурхнула б гэта Беларусь да Расеі ці не. Яны грунтаваліся на адным – як Лукашэнка ставіцца да ўласнага народу. Гэта аснова, на якой мусіць будавацца нашая палітыка, і не трэба нам непакоіцца пра тое, ці рушыць Беларусь да Расеі. Нам неабходна думаць пра тое, як палепшыць сітуацыю ўнутры самой Беларусі”, – заявіў Крэймэр.

Ад 1 да 14 чэрвеня ў Менску працуе місія МВФ, якая абмяркоўвае з урадам Беларусі магчымасць выдавання стабілізацыйнага крэдыту. Як заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, Беларусь разлічвае прыцягнуць ад $ 3,5 да $ 8 млрд у межах новай праграмы супрацы з МВФ.

belsat.eu

Стужка навінаў