Станіслаў Багданкевіч: Без жорсткіх захадаў дэвальвацыя можа быць большаю


Былы старшыня Нацбанку заклікае ўрад перайсці на рэжым эканоміі.

“Дэфіцыт гандлёвага балансу сёлета – ад $ 500 млн да $ 1 млрд на месяц, – канстатуе эксперт. – Пры жорсткіх захадах гэтую лічбу можна зменшыць да $ 8 млрд на год і пакрыць крэдытам ад МВФ. Калі ж гэтага не будзе зроблена, дэвальвацыя рубля можа быць значна вышэйшая”.

Беларусь разлічвае прыцягнуць ад $ 3,5 да $ 8 млрд у межах новай праграмы супрацы з Міжнародным валютным фондам. Заяўку з просьбаю выдаць стабілізацыйны крэдыт урад і Нацбанк накіравалі ў МВФ 31 траўня.

“Гэта самы выгадны крэдыт. Ён выгадны, адрозна ад Расеі, яшчэ і тым, што суверэнітэт Беларусі не ставіцца пад пагрозу. Гэта арганізацыя, у якой прыкладна 150 чальцоў, – гаворыць Станіслаў Багданкевіч. – Крэдыты выдаюцца пад рынкавыя праграмы – пад праграмы, з якіх відаць, што адбудзецца аздараўленне эканомікі, а крэдыт можа быць вернуты”.

Гэта не першая заяўка Беларусі на атрыманне крэдыту ад МВФ. У 2009–2010 гг. афіцыйны Менск атрымаў пяць траншаў крэдыту МВФ паводле праграмы stand-by. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала каля $ 3,46 млрд.

belsat.eu

Стужка навінаў