Адвакатаў атэстуюць, пазапланава


На загад Міністэрства юстыцыі з 15 чэрвеня па 15 верасня пройдзе пазачарговая атэстацыя адвакатаў.

Як пазначаецца ў загадзе, робіцца гэта “ў мэтах павышэння адказнасці адвакатаў за выкананне дзяржаўных функцыяў у справе забеспячэння правоў і свабодаў фізічных і юрыдычных асобаў, якаснага выканання прафесійных абавязкаў у аказанні кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі”.

“Гэта празмернае ўмяшальніцтва ў дзейнасць адвакатуры. Міністэрства юстыцыі перавысіла свае паўнамоцтвы”, – упэўнены кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. Праваабаронца ўказвае на тое, што ні адзін з нарматыўна-прававых актаў, што рэгулююць дзейнасць Міністэрства юстыцыі, не прадугледжвае магчымасці пазачарговых атэстацыяў адвакатаў.

“Абаронцы праходзяць атэстацыю і атрымліваюць ліцэнзію на права дзейнасці тэрмінам на 5 гадоў. Цяпер гэта ўсё перакрэсліваецца, і адвакатам прапаноўваюць ізноўку пацвердзіць сваё права на прафесію. Гэта не толькі прыніжае адвакатуру, але і ставіць яе ў становішча, што пагаршае яе прававыя асновы дзейнасці”, – зазначае праваабаронца.

Паводле Гары Паганяйлы, Беларускі Хельсінкскі камітэт збіраецца звярнуцца ў Савет Міністраў па адмену загаду Міністэрства юстыцыі. А таксама абскардзіць яго ў судзе: “На той падставе, што загад супярэчыць законным інтарэсам і правам не толькі адвакатаў, але і спажыўцоў іхных паслуг”.

belsat.eu

Стужка навінаў