Гамяльчук даслаў 110 лістоў дэпутатам


Каардынатар кампаніі “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак накіраваў кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў персанальную прапанову ўнесці змены ў Закон аб мовах.

Прапанова тычыцца зменаў арт. 28, дзе гаворыцца, што справаводства можа весціся на “беларускай і (ці) рускай мовах”. Актывіст лічыць, што з-за альтэрнатыўнай фармулёўкі ў законе чыноўнікі не дублююць законаў, шыльдаў, пастановаў і г. д. на беларускую мову.

Юрыст Ілля Латышоў пацвярджае: фармальна дэпутаты маюць рацыю, калі так робяць. “Закон сфармуляваны такім чынам, што ён сапраўды дае права выбару для чыноўнікаў – па-беларуску ці па-руску ім весці справаводства. Нягледзячы на гэта, заявы беларускамоўных грамадзянаў, што гэтым улады дыскрымінуюць іхныя правы, дарэчныя з увагі на Канстытуцыю, перш за ўсё. Але практыка паказвае, што ў такіх справах суд кіруецца фармулёўкамі Закону аб мовах, таму становіцца на бок чыноўнікаў”.

Гомельскі актывіст настойвае, каб у артыкуле выкраслілі слова “ці” – тады чыноўнікі будуць абавязаныя весці справаводства на дзвюх мовах. “Закон менавіта ў такой рэдакцыі дазволіць дасягнуць сапраўднай роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў, – кажа спадар Случак. – У першым чытанні парламент ужо прыняў змены ў закон “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў”, зараз дзяржаўныя органы абавязаныя даваць адказ на зварот на мове заяўніка. Таму мы вырашылі працягнуць супрацу з парламентарыямі”.

Цяпер актывіст чакае 110 лістоў. Паводле закону, пісьмовы адказ мусіць даць кожны дэпутат.

belsat.eu

Стужка навінаў