Міністэрства эканомікі штучна стрымлівае цэны на будаўніцтва


У дакуменце ведамства гаворыцца, што за месяц яны выраслі усяго на 1 %.

Індэкс будаўніча-мантажных працаў усталёўваецца Міністэрствам эканомікі штомесяц і вызначае, наколькі павялічыўся кошт у параўнанні з папярэднім месяцам. На гэтыя лічбы абапіраецца цана квадратнага метра пры долевым будаўніцтве.

Большасць дамоў прадугледжвае плаўнае падаражанне кватэраў. За апошні месяц кошт на будаўнічыя матэрыялы падвысіўся на 5–7 %, таму кліенты рыхтаваліся да моцнага скачка. Але як выявілася, Міністэрства эканомікі палічыла, што індэкс павялічыўся ўсяго на 1,003 %. Для дольнікаў і банкаў, якія іх крэдытуюць, гэта, з аднаго боку, станоўчая навіна: плаціць давядзецца менш. Але калі паглядзець на перспектыву, то цэны ўсё адно вырастуць, але адразу ў некалькі разоў.

“Выглядае на тое, што Міністэрства эканомікі вырашыла паказаць людзям, што цэны не растуць. Думаю, гэта зрабілі, каб народ менш хваляваўся і давяраў уладам, – мяркуе прадстаўнік будаўнічай кампаніі “Арэса-сэрвіс” Сяргей Каранько. – Аднак гэта неэфектыўная захада, гэта штучнае стрымліванне коштаў. Закрываць фінансавыя дзіркі ўсё адно давядзецца кліентам, забудоўнікі са сваіх грошай гэтага не будуць рабіць. Таму лепш паступова падвышаць індэкс, чым у надзеі на крэдыт ад Расеі ці МВФ адкладаць на некалькі месяцаў. Праз два-тры месяцы індэкс усё адно раптоўна узнімецца. Лепш ад гэтага не будзе нікому”.

У сувязі са стрымліваннем росту індэксу церпяць страты і будаўнічыя прадпрыемствы. Паводле працаўніка “Лідабудканструкцыі”, яны не могуць падняць коштаў на жалезабетонныя канструкцыі, бо гэта пацягне падаражанне жылля. “У выніку ў нас вялікія страты. І матэрыялаў на працу цэха, калі працаваць напоўніцу, засталося на два дні. Калі паступяць новыя матэрыялы, невядома, але кошт іх будзе вышэйшым – гэта дакладна. У такім выпадку, калі Міністэрства эканомікі хоча зрабіць выгляд, што жыллё не даражэе, яму давядзецца датаваць прадпрыемствы, якія з-за такіх захадаў могуць стаць банкрутамі”, – паведаміў суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў