Замежныя лекі падаражэюць на 60 %


Канцэрн “Белбіяфарм” плануе павысіць кошты і на лекі беларускай вытворчасці.

Інфармацыя пра павышэнне коштаў не прагучала афіцыйна ад Міністэрства эканомікі, але, як паведамляюць працаўнікі менскіх аптэкаў, менавіта гэтая ўстанова пагадзілася на павышэнне. “Белбіяфарм”, праўда, настойваў на павышэнні коштаў на 90 %, але пакуль дазволілі на 60 %. Насцярожвае тое, што імпарцёры замежных лекаў былі спачатку ў больш выйгрышным стане за іншых бізнесоўцаў, бо яны мелі магчымасць набываць лекі паводле курсу Нацбанку, на гэта адмыслова былі вылучаныя долары. “Белбіяфарм” заяўляе, што тыя грошы ўжо скончыліся, новы тавар набываўся паводле іншых коштаў.

Нягледзячы на тое, што афіцыйных заяваў пра рост коштаў не было, людзі хутка зрэагавалі на навіну, і ў аптэках утварыліся вялікія чэргі. У аптэцы “Доктар До”, якая працуе ўдзень і ўначы, людзі набывалі антыбіётыкі, супрацьвірусныя прэпараты, а таксама адмысловыя сродкі для лячэння пэўных хваробаў. Правізары не хавалі, што продаж ідзе за старыя кошты. “На новую прадукцыю ўжо зробленая пераацэнка. Як толькі прывязуць са складу, зменім цэннікі”, – папярэдзіў правізар. Ён дадаў, што беларускія лекі неўзабаве таксама падаражэюць.

Вядома, што канцэрн “Белбіяфарм” звярнуўся ў Міністэрства эканомікі Беларусі, каб дазволілі павышэнне цэнаў і на лекі беларускай вытворчасці. На гэта міністэрства пакуль не пайшло.

Прэсавы сакратар РУП “Белмедпрэпараты” Марына Касцюкевіч пацвердзіла, што пакуль лекі прадаюць за старыя кошты. “Разглядаецца магчымасць перагляду коштаў. Вытворчасць моцна залежыць ад імпарту замежнай сыравіны. У асобных пазіцыях імпартныя сродкі складаюць 90 % прадукцыі. Да таго ж існуе моцная залежнасць ад энергарэсурсаў”, – адзначыла суразмоўца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары