Новыя падрабязнасці сустрэчы Багданкевіча з Мясніковічам


Шэраг медыяў паведаміў пра сустрэчу былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча і прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча. Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае, што сустрэча мела неафіцыйны характар.

“З прэм’ер-міністрам Мясніковічам мы сустрэліся не як прадстаўнік апазіцыі і прадстаўнік ураду, але як старыя калегі. Мы з ім паспяхова працавалі ў адной камандзе ў 1991–1994 гг. Гэта была прыватная сустрэча”, – падкрэсліў Станіслаў Багданкевіч.

Тым не менш, паводле экс-старшыні Нацбанку, гаворка ішла пра эканамічны стан у краіне. “Я агучыў і пакінуў у друкаваным выглядзе пералік найважнейшых захадаў, якія мусяць зрабіць улады Беларусі дзеля паляпшэння эканамічнага стану, – распавёў Станіслаў Багданкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. – Зрэшты, надзеі на тое, што гэтыя парады будуць выкананыя, практычна няма. Да Міхаіла Мясніковіча прэтэнзіяў няма – ён сам калісьці быў “рыначнікам”, і нашыя погляды шмат у чым супадалі. Цяпер сітуацыя крыху другая”.

Першачарговыя захады дзеля аздараўлення беларускай эканомікі, распрацаваныя з удзелам Станіслава Багданкевіча, агучылі сёння на прэс-канферэнцыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сярод неабходных крокаў – эканамічная лібералізацыя, скарачэнне штату сілавых структураў, увядзенне рэжыму жорсткай эканоміі для дзяржапарату, зніжэнне падаткаў ды іншыя.

belsat.eu

Стужка навінаў