Урад просіць новы крэдыт у МВФ


Урад Беларусі ды Нацыянальны банк накіравалі ў Міжнародны валютны фонд зварот з просьбаю выдаць краіне стабілізацыйны крэдыт. Абмяркоўваць умовы чарговай пазыкі прадстаўнікі афіцыйнага Менску будуць у межах кансультацый місіі МВФ, што распачынае працу 1 чэрвеня. Сума магчымай пазыкі не называецца.

Беларусь ужо атрымоўвала пяць выплатаў крэдыту МВФ у 2009–2010 гг. паводле праграмы stand-by. Агульная сума сродкаў, выдаткаваных фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала прыблізна $ 3,46 млрд. Чарговая місія МВФ, што прыбыла ў Менск, мае ацаніць фінансавую і эканамічную сітуацыю ў краіне.

Раней у МВФ падкрэслівалі, што чакаюць ад афіцыйнага Менску канкрэтных крокаў дзеля рэфармавання эканомікі. “Патрэбная праграма дзеянняў эканамічнай палітыкі ды амбітных рэформаў, якой можна б было рэальна верыць”, – заявіў 6 красавіка старшыня місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс.

У афіцыйным паведамленні ўраду Беларусі гаворыцца, што падчас працы місіі МВФ будуць абмеркаваныя захады ўраду і Нацбанку дзеля стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку, а таксама “вызначаная магчымасць падтрымання Міжнародным валютным фондам макраэканамічнай палітыкі, што праводзяць Нацыянальны банк і ўрад”

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч называе гэтыя захады, у прыватнасці, апошнюю дэвальвацыю, “вымушаным крокам у добрым кірунку”. Аднак пры гэтым эксперт звяртае ўвагу на непразрыстасць дзеянняў Нацыянальнага банку, што падрывае давер насельніцтва як да нацыянальнай валюты, гэтак і да дзеянняў ураду і Нацбанку.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары