Салідарныя з палітзняволенымі


Грамадскія актывісты адправілі з Менскага галоўнага паштамту паштоўкі палітзняволеным.

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў будынку паштамту, каб падпісаць паштоўкі падтрымання палітзняволеным, якія застаюцца за кратамі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года ды іншых абвінавачанняў.

Валянцін Сакалоўскі, адзін з каардынатараў акцыі, паведаміў, што гэта ўжо чацвёртая ініцыятыва, арганізаваная старонкаю “pashtouka.org”. “Нічога не сагрэе душу мацней за добрае слова, прычым часта атрыманае ад невядомага табе чалавека. Да акцыі далучылася шмат вядомых асобаў, пераважна расейцаў, але былі сярод іх і беларусы. Відэа мы штотыдзень выкладалі ў інтэрнэце. Але галоўнае, што нас падтрымала шмат простых людзей. На нашай старонцы кожны можа ўзяць і напісаць ліст да палітвязня. На сёння напісалі ўжо больш за тры з паловаю тысячы паштовак”, – паведаміў ён.

Акцыю фіксавалі некалькі беларускіх і замежных тэлеканалаў. Працаўніца Галоўнага паштамту папярэдзіла аператараў, што здымаць забараняецца, бо гэты будынак – рэжымны аб’ект. Пасля гэтага да журналістаў падышоў апрануты ў цывільнае намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў і папярэдзіў, што прадстаўнікі медыяў, якія не рэагуюць на папярэджанне работніцы паштовай службы, парушаюць заканадаўства і ўнутраныя інструкцыі. Яўсееў заклікаў аператараў пакінуць будынак. Журналісты падпарадкаваліся.

“Я не ведаю, каму з палітвязняў пісаў паштоўку спадар Яўсееў, больш імаверна, што ён проста хацеў зірнуць, як гэта выглядае. Бо пасля змены рэжыму хтосьці ж будзе і яму, магчыма, пісаць паштоўку”, – выказаў меркаванне спадар Сакалоўскі.

Удзельнікі акцыі засталіся ў будынку Галоўнага паштамту падпісваць паштоўкі. Нікога не затрымалі.

belsat.eu

Стужка навінаў