Звольнілі кіраўніка Менскага метрапалітэну


Мікалай Андрэеў пакінуў пасаду на загад генеральнага дырэктара прадпрыемства “Менсктранс”.

Уначы на 29 траўня на станцыю “Маскоўская” праз незачыненыя дзверы прайшлі тры маладзёны. Яны знялі на камеру пустую станцыю метро, на якой не было ні міліцыі, ні працаўнікоў метрапалітэну.

Гэтае відэа, выкладзенае ў інтэрнэце, стала нагодаю для “неадкладнай праверкі выканання службовымі асобамі Менскага метрапалітэну заканадаўства, скіраванага на гарантаванне бяспекі руху і пасажыраў”. Гэтыя захады генпракурор Беларусі даручыў беларускаму транспартнаму пракурору.

31 траўня на нарадзе ў справе расследаванне акалічнасцяў выбуху на станцыі “Кастрычніцкая” Менскага метрапалітэну Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго паінфармавалі пра відэаролік, на якім паказана, як група маладых людзей уначы без перашкодаў праз незамкнёныя дзверы заходзіць на станцыю метро “Маскоўская”.

“Яны з хлопцамі трапілі ўначы ў метрапалітэн і здымалі гэта ўсё на відэа. Выклалі гэта ў інтэрнэт: глядзіце – вось як працуе нашая міліцыя і ўсе іншыя на чале з Мальцавым, як яны забяспечваюць выкананне даручэнняў прэзідэнта”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Мікалай Андрэеў кіраваў менскім метро з 17 чэрвеня 1999 года.

belsat.eu

Стужка навінаў