Аляксандр Лукашэнка: Застаняцеся без пагонаў


Лукашэнка адрэагаваў на нядаўна апублікаванае відэа: маладзёны без перашкодаў прайшлі ўначы на станцыю метро.

Аляксандр Лукашэнка прыгразіў зняць пагоны з адказных за гарантаванне бяспекі ў краіне, калі інфармацыя пра магчымасць свабоднага доступу ў менскае метро, якая стала публічнаю пасля з’яўлення відэароліка ў інтэрнэце, пацвердзіцца.

31 траўня на нарадзе пра расследаванне акалічнасцяў выбуху на станцыі “Кастрычніцкая” Менскага метрапалітэну Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён паінфармаваны пра відэаролік, на якім паказана, як група маладых людзей уначы без перашкодаў, праз незачыненыя дзверы, заходзіць на станцыю метро “Маскоўская”.

“Яны з хлопцамі трапілі ўначы ў метрапалітэн і здымалі гэта ўсё на відэа. Выклалі гэта ў інтэрнэт: глядзіце – вось як працуе наша міліцыя і ўсе іншыя на чале з Мальцавым, як яны забяспечваюць выкананне даручэнняў прэзідэнта”, – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

“Як мяне праінфармавалі, расследаванне з гэтай нагоды праводзіцца. Думаю, і з гэтай нагоды мне сёння будзе дакладзена… Я нікога пакуль не папракаю і папракаць не буду. Калі гэтыя факты пацвердзяцца – заўтра без пагонаў застаняцеся”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Інфармацыя пра свабодны доступ у метро пасля тэракту 11 красавіка на станцыі “Кастрычніцкая” стала нагодаю для “неадкладнай праверкі выканання службовымі асобамі Менскага метрапалітэну заканадаўства, скіраванага на гарантаванне бяспекі руху і пасажыраў”. Правесці такую праверку генпракурор Беларусі даручыў беларускаму транспартнаму пракурору.

Як паведамілі ў Беларускай транспартнай пракуратуры, такая праверка ўжо праводзіцца.

belsat.eu

Стужка навінаў