Вярхоўны Суд выступае за змякчэнне пакаранняў


Ініцыятыва датычыцца эканамічных злачынстваў.

Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала заяўляў, што судовая сістэма ў гэтых пытаннях недасканалая. “Вельмі жорсткія пакаранні за эканамічныя злачынствы. Там, дзе еўрапейскія суды за падобныя правапарушэнні накладаюць штрафы, у нас прымаюць іншае пакаранне – пазбаўленне волі”, – адзначаў ён у сваім звароце да працаўнікоў судовай сістэмы.

Юрыст Святлана Шлома лічыць, што практыка пакарання за эканамічныя злачынствы з савецкага часу засталася жорсткаю і неэфектыўнаю. “Штрафы ўжываюцца вельмі рэдка. І не зразумела, паводле якой сістэмы суд вызначае гэта. Юрыдычная практыка паказвае, што за буйныя эканамічныя злачынствы прадстаўнікам праўладных структураў не ўжывалі такой захады, як пазбаўленне волі. У той час, як прадпрымальнікаў за нязначныя парушэнні садзілі ў турму на 3–5 гадоў”, – адзначыла эксперт.

Вярхоўны Суд настойвае цяпер на пераглядзе крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці ў гэтай сферы. Разам з тым загаварылі і пра перагружанасць судоў. Паводле прэсавага сакратара Вярхоўнага Суда Анастасіі Цімановіч, летась у Беларусі было 350 000 зваротаў у суды. “З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што дачыненні ў развязанні спрэчных пытанняў выходзяць на больш цывілізаваны ўзровень – людзі давяраюць суду. Але з іншага боку, суды сёння перагружаныя. Гэта негатыўна ўплывае на аператыўнасць і на якасць правасуддзя”, – адзначыла яна.

belsat.eu

Стужка навінаў