Падаражэла мабільная сувязь


Адзін за адным аператары падымаюць цэны на тавары і паслугі.

Першаю пра павышэнне заявіла кампанія «Velcom». Паслугі на сувязь цяпер каштуюць на 10 % даражэй. SMS-паведамленні таксама падняліся ў цане – 150 замест 130 руб. На некаторых тарыфных планах павысілі абаненцкую плату. Без зменаў застаўся толькі кошт мабільнага інтэрнэту. Паводле назіранняў аналітыкаў, гэты сегмент мабільных паслугаў цяпер найбольш уплывовы пры выбары аператара. У кампаніі патлумачылі, што павышэнне коштаў звязанае са зменаю курсу долара. «Кампанія закупляе замежнае абсталяванне, разлікі ажыццяўляюцца ў доларах», – патлумачылі ў прэсавай службе «Velcom».

Наступная кампанія, якая заявіла пра павышэнне коштаў на сувязь, – «Лайф». Размовы ўнутры сеткі застануцца без зменаў – бясплатнымі, а вось за тэлефанаванне на іншыя сеткі з 1 чэрвеня трэба будзе аддаць на 30 % больш. Адначасова падаражалі тавары, якія прадаюцца ў фірмовых крамах. Так, дамовы продажу тэлефонаў у растэрміноўку будуць пераглядацца. «Штомесячная плата за найбольш папулярны тэлефон «Лайф тачфон» павялічыцца з 40 тысяч рублёў да 70 тысяч рублёў на месяц. У кантракце прадугледжаны такі крок – змяненне коштаў у звязку са зменаю курсу долара да рубля», – пракаментавалі ў салоне-краме «Лайф» у Менску.

Кампанія МТС, якая таксама ўваходзіць у рэйтынг наймацнейшых камунікацыйных кампаніяў Беларусі, пакуль не спяшаецца агучваць, наколькі вырастуць кошты. Але ў салонах папярэджваюць – заключаныя дамовы на растэрміноўку будуць пераглядацца. «Гэта паўплывала на тое, што людзі сталі ахвотней купляць тэлефоны адзінкаваю выплатаю. У прынцыпе, гэта заўсёды было танней, але раней кліенты аддавалі перавагу плаціць часткамі штомесяц цягам года. Цяпер яны шукаюць, куды выгадна ўкласці беларускія рублі», – паведаміла кансультантка Вераніка Негаіца.

belsat.eu

Стужка навінаў