Андрэй Скурко: Дзякую за салідарнасць!


«Калі ты ў Беларусі працуеш у сферы незалежнай прэсы, то заўсёды мусіш быць гатовы да горшага», – гаворыць галоўны рэдактар «Наша Нівы» Андрэй Скурко. Тым не менш, ён спадзяецца, што касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда скасуе папярэджанне, якое вынесла газеце Міністэрства інфармацыі.

Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў скаргі рэдакцыі газеты «Наша Ніва» на папярэджанне Міністэрства інфармацыі ад 14 красавіка. Рэдакцыя аспрэчвала папярэджанне, вынесенае выданню за публікацыю няпэўнай інфармацыі пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка заставалася на станцыі да позняга вечара.

«Мы будзем падаваць касацыйную скаргу і спадзяемся, што касацыйная калегія прыме да ўвагі нашыя довады і папярэджанне скасуе», – падкрэсліў Андрэй Скурко. Ён таксама падзякаваў усім неабыякавым чытачам і калегам-журналістам. «Я маю некалькі дзясяткаў лістоў, у тым ліку калектыўных, скіраваных у Міністэрства інфармацыі: людзі пратэстуюць супраць таго, што «Нашу Ніву» і «Народную Волю» спрабуюць зачыніць. Хачу, карыстаючыся выпадкам, сказаць дзякуй усім, хто нас чытае, і ўсім нашым калегам з незалежнай прэсы ды з дзяржаўнай, хто спачувае нам, можа быць таемна. Трымаемся! Будзем разам!» – дадаў рэдактар «Нашай Нівы».

belsat.eu

Стужка навінаў