Канфіскат «напракат»


Канфіскаваны ў апазіцыянераў ксеракс у КДБ паламалі, а камп’ютарнай мышкай карыстаўся сын працаўніка КДБ.

Гомельскія апазіцыянеры наведалі ўпраўленне КДБ, каб вярнуць канфіскаваны ў іх падчас вобшуку ў студзені 2011 г. капіравальны апарат. Два тыдні таму актывісты забіралі ва ўпраўленні камп’ютары і тэхніку, канфіскаваныя падчас вобшукаў, і аказалася, што ксеракс знаходзіцца ў няспраўным стане.

«Мы адмовіліся яго забраць і прапанавалі спецслужбам адрамантаваць тэхніку. Сёння супрацоўнікі КДБ растлумачылі нам, што майстар, якога яны выклікалі, вынес вердыкт пра тое, што капір стары і рамонту не падлягае. Хаця ў нас яго забралі ў працоўным стане», – паведаміў актывіст руху «За свабоду» Уладзімір Кацора.

Паводле палітыка, гаспадыня дому, у якім арандуе офіс абласная арганізацыя АГП, Зінаіда Шуміліна ў распісцы для КДБ адзначыла, што капір вярнулі ў няспраўным стане. Кацору вярнулі і камп’ютарную мыш, якой 16 траўня не аказалася на месцы. «Адзін з супрацоўнікаў КДБ узяў яе на час пакарыстацца свайму сыну, так мне і растлумачылі ў мінулы раз. Цяпер вярнулі і мыш», – дадаў актывіст.

10 камп’ютараў і ноўтбукаў былі канфіскаваныя падчас вобшукаў 6 і 26 студзеня ў офісе АГП і на кватэрах старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова і праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Свае дзеянні працаўнікі КДБ растлумачылі тым, што камп’ютары могуць быць рэчавымі доказамі ў крымінальнай справе 19 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў