Сяргей Балыкін у «Гарачым каментары»


«Чым больш дзяржава будзе кіраваць цэнамі, тым вышэй яны ўздымуцца».

Лібералізацыя коштаў можа хутка закончыцца, мяркуе старшыня праўлення Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін: «У бліжэйшы час улады могуць прыняць нарматыўны акт, які скасуе свабоду цэнаў». Аднак эфект ад гэтага будзе адваротны: «Чым больш дзяржава будзе кіраваць цэнамі, тым вышэй яны ўздымуцца: трэба закласці выдаткі на «бюракратыю», на рызыку», – тлумачыць эканаміст.

Сяргей Балыкін нагадвае, што ўлады ўжо неаднаразова дэкларавалі лібералізацыю, аднак заканчвалася гэта «чарговымі перарэгістрацыямі, паборамі, узмацненнем кантролю».

Інтэрнэт-выданне «Ежедневник» паведаміла пра затрыманне аднаго з найбуйнейшых бізнесоўцаў Беларусі. Дырэктар будаўнічай фірмы, якая апошнія гады займалася будаваннем і рэканструкцыяй знакавых для Менску аб’ектаў, быў схоплены падчас атрымання буйнога хабару. Ці ўвасобіліся такім чынам у жыццё пятнічныя заявы Аляксандра Лукашэнкі, які заклікаў пры пошуку сродкаў звярнуць увагу на бізнес?

«Гэты прадпрымальнік быў недалёка ад улады. Магчыма, б’юць па сваіх. Такіх выпадкаў шмат», – разважае Сяргей Балыкін.

Ці чакае нас чарговая дэвальвацыя? Утрымаць беларускі рубель на сённяшнім узроўні немагчыма, упэўнены суразмоўца: «Курс упадзе да 6–7 тысячаў за долар. Ці павольнае гэта будзе падзенне, ці імгненнае – не вядома. Калі адбудзецца дэвальвацыя, для бізнесу будзе добра, бо курс нарэшце ўсталюецца і можна будзе набыць валюту».

belsat.eu

Стужка навінаў