Мікіта Ліхавід: Калі я падыму рукі, значыць пагаджуся з выракам


Праз дзень пасля вызвалення са штрафнога ізалятару маладзён зноўку апынуўся ў карцары.

Пра гэта «Белсату» распавяла маці зняволенага Алена Ліхавід. Яна змагла сустрэцца з сынам у калоніі 27 траўня, якраз у дзень народзінаў Мікіты. «Мы павінны былі адправіцца туды з адвакатам, каб Мікіта падпісаў паперы для абскарджання выраку. Аднак у адміністрацыі калоніі сказалі, што ў звязку з тым, што сын пакараны, сустрэцца з ім магу або я, або адвакат», – гаворыць Алёна Ліхавід.

Паводле маці вязня, сустрэча доўжылася гадзіну ў прысутнасці намесніка начальніка калоніі па выхаваўчай працы. «Упершыню за пяць месяцаў я змагла абняць свайго сына і патрымаць яго за руку», – не хавае слёз жанчына.

Алена Ліхавід гаворыць, што Мікіта вельмі схуднеў, ён бледны з чорнымі кругамі пад вачыма. «Я яго вельмі прасіла не парушаць рэжыму і выконваць патрабаванні адміністрацыі, аднак ён стаіць на сваім. Ён мне гаворыць: мама, ты зразумей, мне не цяжка рабіць зарадку, але калі я падыму рукі, то значыць пагаджуся з выракам», – распавядае жанчына.

Мікіта Ліхавід лічыць сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць патрабаванні ўнутранага распарадку калоніі. На ранішнюю зарадку разам з іншымі зняволенымі ён выходзіць, аднак практыкаванняў не выконвае. Паводле Алёны Ліхавід, начальнік калоніі з разуменнем ставіцца да пазіцыі яе сына, аднак не рэагаваць на гэта не можа. Бо, як заявіў ён жанчыне, на Мікіту глядзяць іншыя вязні.

За ўпартасць Мікіту Ліхавіда пазбавілі двух спатканняў з роднымі і ўжо другі раз змясцілі ў карцар – гэтым разам на 15 дзён. Як распавяла Алёна Ліхавід, пакараных штрафным ізалятарам выводзяць на прагулку толькі раз на тыдзень, ім забаронена чытаць прэсу і кнігі, набываць прадукты ў мясцовым шапіку. Вязні карцара носяць спецыяльную чорную робу з надпісам ШІЗА на спіне.

Выпусціць з карцара Мікіту Ліхавіда мусяць 7 чэрвеня, і яго адразу ж збіраецца наведаць адвакат.

Актывіста руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда пакаралі 3,5 гадамі зняволення. Тэрмін юнак адбывае ў папраўчай калоніі № 10 у Наваполацку. У гэтай жа калоніі будзе адбываць пакаранне яшчэ адзін удзельнік Плошчы – актывіст «Маладога фронту» Алесь Кіркевіч.

Belsat.eu

Стужка навінаў