Рэйдэры і “эфект даміно”


Чаго трэба баяцца беларускаму ўраду?

Пра цяжкія наступствы непрадуманых дзеянняў падчас крызісу папярэджвае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, прадукты бліжэйшым часам могуць падаражаць на 50–100 %. «У кароткатэрміновай перспектыве дэфіцыту не будзе, прадпрыемствы працуюць у тры змены. Але ў сярэднетэрміновай перспектыве такая пагроза захоўваецца: цяпер ідзе вымыванне абаротных сродкаў у прадпрыемстваў. Магчыма, тыя, што працуюць на ўнутраны рынак, будуць вымушаныя спыніць працу», – патлумачыў эксперт.

Сцэнар жа гіперінфляцыі залежыць ад таго, ці здолее Беларусь выправіць плацежны баланс. Калі апошняе не ўдасца, збяднення насельніцтва не пазбегчы. Пры гэтым варта памятаць, што той, хто сёння гатовы даць крэдыт беларускаму ўраду, не зацікаўлены ў тым, каб сітуацыя хутка выправілася.

Каб палепшыць сітуацыю, падкрэслівае эканаміст, у сярэднетэрміновай перспектыве трэба праводзіць структурныя рэформы, але вельмі асцярожна, бо ва ўмовах крызісу гэта выкліча адток з Беларусі капіталу і рызыку захопу ўласнасці па коштах, ніжэйшых за рынкавыя.

Такім чынам, сітуацыя патрабуе ад ураду мабілізацыйных дзеянняў. Тое ж, што мы бачым цяпер, сведчыць, што ўрад губляе над ёю кантроль, мяркуе Аляксандр Сінкевіч: «Хаатычныя дзеянні ўраду павышаюць рызыку сацыяльных пратэстаў, якія могуць выбухнуць нават на пачатку чэрвеня. Іх могуць выкарыстаць знешнія сілы ў мэтах рэйдэрскага захопу беларускіх прадпрыемстваў».

«У такой сітуацыі трэба паспрабаваць правесці ўнутраную мабілізацыю фінансаў, – працягвае Аляксандр Сінкевіч. – Гэта надзвычай цяжка, бо насельніцтва абсалютна згубіла давер да фінансавых установаў нашай краіны. Патрэбная тлумачальная праца, трэба папрасіць экспарцёраў і насельніцтва не панікаваць і падтрымаць беларускую банкаўскую сістэму». Жорсткія адміністратыўныя захады толькі пагоршаць сітуацыю, падкрэслівае эксперт.

Адным з наступстваў дэвальвацыі ёсць тое, што статутныя фонды банкаў і страхавых установаў упалі ніжэй за нарматыў. Фармальна гэта можа выклікаць ануляванне ліцэнзіяў гэтым установам. «Але гэты крок малаімаверны, такое здаралася і раней. Нацбанк, хутчэй за ўсё, дасць адтэрміноўку на павелічэнне статутных фондаў. Іншая рэч, ці паспеюць яны выканаць патрабаванне своечасова […] Нацбанк будзе прыкладаць усе намаганні, каб ніводзін банк не «склаўся», бо наступствам стане «эфект даміно», – упэўнены эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў