Рэгіянальныя рынкі пустуюць


Прадпрымальнікі плануюць адмовіцца ад бізнесу ў Беларусі

На мінулым тыдні па ўсёй краіне рынкі стаялі паўпустыя. Бяроза, Маларыта, Слонім, Крычаў, Орша: ва ўсіх гарадах прадпрымальнікі згортваюць продаж. Прычына – адсутнасць валюты, за якую трэба купляць тавар. На гарадзенскім рынку «Карона» ў нядзелю пакупнікоў хапала, але прылаўкі асартыментам не цешылі. «Мы працуем стабільна толькі да канца месяца, бо заплацілі наперад падаткі і за арэнду павільёну. Што будзе далей, не вядома», – паведаміла прадавачка абутку Ірына Гота. Паводле яе, попыт на тавары цягам апошняга месяца быў вельмі добры, прыбытак склаў 130 %. «Але ж гэта ўсё беларускія рублі. Перавесці ў валюту – і мы губляем не менш за траціну. Павышаць кошты на абутак яшчэ больш мы не можам, у нас яго ніхто не будзе набываць. Ужо сёння летнія туфлі каштуюць 250–300 тысячаў рублёў. За такі ж кошт мы прадавалі дэмісезонны абутак», – дадала жанчына.

Бярозаўскія прадпрымальнікі актыўна шукаюць выхад на замежныя рынкі. Найперш іх цікавіць Расея і Украіна, дзе падобнае заканадаўства і няма моўнага бар’еру ў камунікацыі. З такой сітуацыяй сутыкнулася фірма з пяцігадовым стажам, якая займаецца ўсталяваннем прыладаў для відэаназірання. Распавядае намеснік дырэктара Яўген Грыгор’еў: «Спачатку мы прапаноўвалі ўсталёўваць відэакамеры бартарам. Дамовіліся з мясакамбінатам: мы ім паслугу, яны нам прадукцыю. Прадукцыю мы пасля дамовіліся перапрадаваць у Расею. Так мы атрымлівалі валюту, каб набываць новае абсталяванне для працы. Але выйшла пастанова, паводле якой нашым прадпрыемствам загадалі як мага больш прадукцыі прадаваць за валюту. Так мы засталіся без асноўнага кліента. У выніку – звольнілі палову сваіх супрацоўнікаў. Сітуацыя не змяняецца ў лепшы бок. Каб захаваць хоць нешта з заробленага, мы вымушаныя «перавозіць» свой бізнес з Беларусі».
.
Паводле даследаванняў цэнтраў BISS і «Новак», траціна ўсіх айчынных бізнесоўцаў хацелі б пакінуць Беларусь. Эканаміст Ігар Пеліпась тлумачыць гэта наступным чынам: «Да вечных праблемаў беларускага бізнесу – няўстойлівага заканадаўства, бюракратычнага апарату і асноваў планавасці ў эканоміцы – дадаўся яшчэ моцны чыннік – валютны крызіс. Прадпрымальнікі сітуацыю фактычна змяніць не могуць. Як паказвае досвед, да іхніх парадаў і прапановаў улады амаль не прыслухоўваюцца. Таму натуральна, што чалавек, які ўклаў у свой бізнес грошы і сілы, усімі магчымымі сродкамі захоча выратаваць хоць частку. У Беларусі пачынаецца заканамерная чарговая хваля эміграцыі бізнесу», – падсумаваў эксперт.

Belsat.eu

Стужка навінаў