Крамам загадалі працаваць сабе на страту


Менскія гарадскія ўлады імкнуцца выправіць сітуацыю на спажывецкім рынку коштам прадпрыемстваў гандлю.

Паводле распараджэння Менгарвыканкаму, прадпрыемствы гандлю мусяць знізіць кошты не менш як на 10 % і забяспечыць поўны асартымент неабходных тавараў. Патрабаванне датычыць раздробнага гандлю ўсіх формаў уласнасці. Зніжэнне цэнаў мае ажыццяўляцца коштам гандлёвай надбаўкі.

«Гандлёвыя надбаўкі на розныя групы тавараў у нас складаюць ад 5 да 15 %. Атрымліваецца, што пры зніжэнні коштаў мы амаль пазбавімся прыбытку, а па некаторых таварах мы ўвогуле сыдзем у мінус», – тлумачыць намесніца дырэктара аднаго са сталічных універсамаў. Безумоўна, гэта адаб’ецца на заробках працаўнікоў гандлю, бо яны залежаць ад прыбытку, атрыманага прадпрыемствам, дадае намесніца дырэктара.

У Менгарвыканкаме падлічылі, што ў выніку зніжэння гандлёвых надбавак для стабілізацыі рынку сталічны гандаль недаатрымае болей за 10 млрд руб. сваіх валавых прыбыткаў. «Гэтая сітуацыя не падлягае эканамічнаму агляду і нагадвае часы ваеннага камунізму», – адзначае эканаміст Міхал Залескі. Паводле эксперта, сталічныя ўлады прынялі абсурднае рашэнне, кіруючыся адною мэтаю –дагадзіць Лукашэнку.

belsat.eu

Стужка навінаў