Някляеў і Рымашэўскі абскарджваюць свае выракі


Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі падалі ў Менгарсуд касацыйныя скаргі на вынесеныя ім выракі.

20 траўня суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў Някляева і Рымашэўскага вінаватымі на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Рымашэўскага прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна, Някляева – да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання прысуду на 2 гады. Абодва яны лічаць сябе невінаватымі.

“Пракурор назваў “адзінаю змякчальнаю акалічнасцю” наяўнасць у мяне непаўналетняй дачкі на ўтрыманні. Безумоўна, я рады штодзённа бачыць гэтую “акалічнасць”, быць разам са сваёй сям’ёю. Але для мяне ўмоўны тэрмін – гэта не воля”, – заявіў Рымашэўскі ў каментары агенцтву БелаПАН. Ён падкрэсліў, што падаў папярэднюю скаргу. “Дагэтуль ні майму адвакату, ні мне не былі пададзеныя пратаколы судовага паседжання, таму мы не можам падаць паўнавартаснай скаргі на прысуд”, – растлумачыў палітык.

Уладзімір Някляеў, у сваю чаргу, заявіў: “Прысуд не мае фактычных доказаў, таму я патрабую прызнаць мяне невінаватым і апраўдаць. Гэтага я і буду дабівацца”.

Згодна з заканадаўствам касацыйную скаргу на прысуд можна падаць на працягу дзесяці дзён.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары