Салідарныя з Андрэем Пачобутам


Галоўныя рэдактары больш як 40 польскіх медыяў падпісаліся пад заяваю, у якой выказаны пратэст супраць незаконнага затрымання ў Беларусі карэспандэнта “Gazety Wyborczej” гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута.

“Мы дамагаемся яго неадкладнага вызвалення, а таксама зняцця ўсіх выстаўленых яму абвінавачанняў”, – цытуе тэкст заявы партал “Wirtualna Polska”. Польскія журналісты лічаць свайго беларускага калегу вязнем сумлення.

Пачобута ўтрымліваюць у гарадзенскім следчым ізалятары. Яму выставілі абвінавачанне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: частцы 1 артыкулу 368 (“знявага прэзідэнта Беларусі”) і частцы 1 артыкулу 367 (“паклёп у дачыненні прэзідэнта”).

Максімальнае пакаранне паводле першага артыкулу – чатыры гады пазбаўлення волі, паводле другога – два гады. Абвінавачанне выставілі за публікацыі ў “Gazecie Wyborczej”, на сайце “Беларускі партызан” і на старонцы ў “LiveJournal”.

Пытанне пра абарону Пачобута абмяркоўвалася сёння ў Варшаве на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Польшчы Барака Оўбамы і Браніслава Камароўскага, паведамляюць польскія СМІ.

belsat.eu

Стужка навінаў