Чарговая перамога “групы жанчын” у судзе


Два апраўдальныя прысуды па цяжкіх злачынствах.

На гэтым тыдні апраўдальны прысуд вынеслі ў справе жыхара Бабруйску Уладзіміра Падзорава, 1982 года нараджэння. Яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе наркотыкаў, чатыры гады ён правёў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Увесь гэты час ягоныя бацькі дамагаліся справядлівасці суда, звярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі – ад раённай пракуратуры да Генпракуратуры і Адміністрацыі прэзідэнта. У выніку Магілёўскі абласны суд перагледзеў справу, прызнаў хлапца невінаватым і апраўдаў яго.

Апраўдальнага выраку дачакаліся бацькі Аляксандра Чарнухі з Гомля. Хлапца таксама асудзілі за распраўсюд наркотыкаў і вызначылі пакаранне: дзевяць гадоў зняволення. Пасля таго, як ён адседзеў чатыры гады, суд Менску перагледзеў справу і апраўдаў Аляксандра.

Паводле юрыста Тамары Сяргей, якая суправаджае “групу жанчын”, шматлікія прысуды выносяцца праз неасцярожнасць і з-за недасканалага перадсудовага і судовага следства. “Каб дамагчыся справядлівасці, маці абвінавачаных прайшлі праз некалькі судоў, сустрэчаў з чыноўнікамі на розных узроўнях. Яны аб’ядналіся ў групу і арганізоўвалі публічныя акцыі, дзе патрабавалі вызваліць і апраўдаць іхных дзяцей”, – распавяла юрыстка.

Дарэчы, за апошнія тры гады дзякуючы супольным намаганням “група жанчын” дамаглася вынясення органамі пракуратуры і суда 30 пратэстаў паводле розных справаў чальцоў суполкі ды іхных блізкіх.

За апошні год у Беларусі толькі 0,36 % ад агульнай колькасці прысудаў былі апраўдальныя. Для параўнання, у ЕЗ кожны пяты вырак – апраўдальны, у ЗША – 17–25 % ад агульнай колькасці пастановаў суда.

belsat.eu

Стужка навінаў