Менгарвыканкам адступіў перад метрапалітам Кандрусевічам


Працэсія Божага Цела ў сталіцы пройдзе звычайным маршрутам.

28 траўня, зранку, з’явілася інфармацыя пра тое, што Менгарвыканкам адмовіў каталікам у традыцыйным маршруце працэсіі Божага Цела ў Менску. Метрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў рашэнне гарадскіх уладаў “непавагаю да вернікаў – грамадзянаў сваёй краіны і жыхароў сваёй сталіцы, якія працуюць дзеля дабрабыту грамадства”.

Улады запрапанавалі для шэсця вельмі нязручны маршрут: вуліцамі Казлова, Бядулі, Першамайскай, Ульянаўскай і Свярдлова. На шляху – вузкія ходнікі, вялікая колькасць прыпаркаваных аўтамабіляў, шматлікія святлафоры, трамваі ды рынак. “У такіх умовах няпроста прайсці вялікай колькасці людзей, а тым больш цяжка засяродзіцца на малітве”, – сказаў Кандрусевіч.

Аднак пазней Менгарвыканкам усё ж такі згадзіўся на працэсію традыцыйным маршрутам: ад касцёлу Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) ходнікам уздоўж праспекту Незалежнасці да Чырвонага касцёлу. Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што гэты крок з боку ўладаў паспрыяе кансалідацыі грамадства і “дазволіць у малітоўным засяроджанні прайсці ўслед за Езусам”.

Урачыстасць Божага Цела ў Каталіцкім касцёле традыцыйна суправаджаецца працэсіямі вуліцамі гарадоў. Шэсце затрымліваецца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца ўрыўкі з Евангелля і прамаўляюцца казані.

belsat.eu

Стужка навінаў