Былога міністра працы Беларусі адпусцілі (Абноўлена)


У Менску забралі ўдзельнікаў міжнароднага круглага стала “Пытанні рэформы сістэмы МВД: досьвед суседзяў і выклікі для Беларусі”.

Затрымалі сем чалавек: прадстаўніца Польскага Хельсінскага фонду Вольга Саламатава (грамадзянка Расеі), трое грамадзянаў Украіны (палкоўнікі міліцыі Алег Мартыненка, Ала Благая, былы памочнік прэзідэнта Украіны па пытаннях правоў чалавека Вадзім Півавараў) і трое грамадзянаў Беларусі (старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак, прадстаўніца камітэту дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Людміла Ісакава, а таксама былы міністр працы Беларусі, незалежны сацыёлаг Аляксандр Сасноў).

Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Алег Гулак адпушчаны на волю. Вызваленыя таксама Аляксандр Сасноў і Людміла Ісакава.

Круглы стол меў прайсці 28 траўня ў офісе Партыі БНФ. Аднак перад яго пачаткам у памяшканне ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і пачалі спраўджваць дакументы ў замежнікаў, якія прыехалі, каб паўдзельнічаць у мерапрыемстве.

Як адзначыў адзін з удзельнікаў круглага стала Юрась Губарэвіч, супрацоўнікам МУС магла не спадабацца сама ідэя правядзення такога мерапрыемства. Яно было запланавана ў мэтах кампаніі “Народная праграма”.

“Адна з мэтаў кампаніі – стварыць супольнае бачанне будучай Беларусі, якое было б прапанавана экспертамі, грамадскімі арганізацыямі, палітычнымі структурамі. Але пры гэтым знайшло б пэўны водгук і ацэнку з боку людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да той ці іншай сферы”, – дадаў спадар Губарэвіч.

Па словах відавочцаў, міліцыянты зайшлі ў залю паседжання, спынілі дакладчыка і запатрабавалі ўсіх прысутных прад’явіць дакументы. На пытанне праваабаронцаў, на якой падставе міліцыя ў офісе партыі так сябе паводзіць, праваахоўчыя органы заявілі, што гэты будынак Партыі БНФ не належыць і адмовіліся прадаставіць ордэр.

Нагадаем, што канчатковага рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда аб высяленні партыі з офісу па праспекце Машэрава, 8 пакуль няма.

Паваабаронца Юры Чавусаў адакладніў, што ў офісе знаходзілася тры міліцыянты, яшчэ пяць знаходзілі на вуліцы. “Адзін з іх прадставіўся – участковы Савецкага РУУС Валеры Марціновіч. Верагодна, што затрыманыя зараз знаходзяцца менавіта ў гэтым аддзяленні міліцыі. Беларусаў затрымалі з фармулёўкай – “праверыць асобу”, а вось замежнікам можа пагражаць нават дэпартацыя”, – адзначыў спадар Чавусаў.

У Савецкім РУУС адмаўляюцца каментаваць сітуацыю.

belsat.eu

Стужка навінаў