Барак Оўбама: Рэжым Лукашэнкі небяспечны для цэлага рэгіёну


У суботу, 28 траўня, амерыканскі прэзідэнт абмеркаваў з польскім кіраўніцтвам вайсковую прысутнасць ЗША у Польшчы, эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама сітуацыю ў суседніх з Еўразвязам краінах.

На сумеснай прэсавай канферэнцыі пасля перамоваў амерыканскага і польскага прэзідэнтаў Браніслаў Камароўскі заявіў, што краіны маюць агульны погляд на будаўніцтва дэмакратыі, у тым ліку і ў Беларусі. Пра гэта паведамляе польскі інфармацыйны партал gazeta.pl.

Ён таксама сказаў, што гаворка ішла і пра Анджэя Пачобута, зняволенага карэспандэнта польскай “Gazety wyborczej”. Барак Оўбама адзначыў, што “такія дзеянні рэжыму, якія мы назіраем у Беларусі могуць мець уплыў на ўвесь рэгіён, што ставіць нас у большую небяспеку”.

Падчас прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам Барак Оўбама яшчэ раз узгадаў пра Беларусь: “Мы размаўлялі пра сітуацыю ў Беларусі, якую нельга прыняць. Прэзідэнт Лукашэнка не звяртае ніякай увагі на правы чалавека. Кандыдаты на пасаду прэзідэнта сядзяць у турмах, журналісты таксама <…> Мы пагадзіліся, што будзем ціснуць, наколькі гэта магчыма, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася. Гэта супольная тэма для ЗША і Польшчы, але таксама і для іншых краінаў Еўразвязу”.

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама прыбыў у Польшчу ў пятніцу, 27 траўня, з Францыі, дзе удзельнічаў у саміце «вялікай васьмёркі». Візіт распачаўся ўскладаньнем вянкоў да Магілы невядомага салдата і Мемарыялу Варшаўскага гета.

Пасля у прэзідэнцкім палацы на Кракоўскім прадмесці ў Варшаве адбылася сустрэча з прэзідэнтамі посткамуністычных еўрапейскіх краінаў. Амерыканскі прэзідэнт заахвочваў іх падзяліцца сваім досьведам дэмакратычных пераўтварэнняў з прыхільнікамі рэформаў у Паўночнай Афрыцы і Бліжняга Усходу. У сустрэчы ўдзельнічалі прэіздэнты Польшчы Браніслаў Камароўскі, Балгарыі Георгі Парванаў, Украіны Віктар Януковіч, Чэхіі Вацлаў Клаус. Оўбама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж ЗША і краінамі былога сацылістычнага блоку.

Урачыстай вячэрай з Баракам Оўбамам завяршыўся ХVII саміт краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, які праходзіў днямі ў Варшаве. У сталіцы Польшчы Варшаве завяршыўся Акрамя лідэраў посткамуністычных эўрапейскіх краінаў у саміце бралі ўдзел лідэры Нямеччыны і Італіі. Абедзьве падзеі (саміт і вячэры) былі закрытыя для прэсы.

belsat.eu

Стужка навінаў