Бацькі анархістаў пра выракі


Сваякі асуджаных лічаць прысуды неправамернымі і бяздоказнымі.

Аляксандр Дзядок, бацька Мікалая Дзядка, прыгаворанага да 4,5 гадоў пазбаўлення волі: «Я кажу ў першую чаргу як бацька, бо там мой сын, які ні ў чым не вінаваты, гэта бачылі ўсе. Мой сын даказаў, што ён не дробны хуліган, як вырашыў суд, а нармальны, разумны малады чалавек. І як суддзя магу сказаць, што прысуд незаконны і несправядлівы».

Таццяна Францкевіч, маці Аляксандра Францкевіча, асуджанага на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: «Я чакала, што прысуд будзе мякчэйшы. Прасілі пяць, далі тры гады. Абвінавачванне было вельмі хліпкае, справа развальвалася, сведкі блыталіся. Таму такія прысуды нельга выносіць. Падстава адна – хлопцы не такія як усе, не так ходзяць, не тое кажуць. Ціск быў, калі толькі ўзялі. Вымушалі даваць сведчанні на іншых хлапцоў. Ён гэтага не зрабіў. Сведкі блыталіся ў паказаннях, тут можна было абысціся і ўмоўным. Калі мяне выклікалі ў КДБ, сказалі, каб я не спадзявалася на ўмоўны тэрмін, што ўсё адно засудзяць і пасадзяць».

Валянціна Аліневіч, маці Ігара Аліневіча, асуджанага на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму: «Праваахоўная сістэма не ахоўвае нас, а наадварот – бязвінных саджае ў вязніцу, збівае безабаронных людзей. Заўтра спаўняецца роўна шэсць месяцаў, як майго сына ў парушэнне ўсіх міжнародных нормаў выкралі з тэрыторыі Масквы. Пра гэта Ігар распавёў у судзе, яму адказалі, што ўсё гэта не важна».

Маладзёнаў прызналі вінаватымі ў серыі падпалаў, у тым ліку расейскай амбасады ў Менску. Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч атрымалі 8, 4,5 і 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Максіму Веткіну і Яўгену Селівончыку далі 4 і 1,5 года «хіміі»

Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч і Аляксандр Францкевіч не прызналі віны, астатнія прызналі часткова.

belsat.eu

Стужка навінаў