Крэдытны рэйтынг Беларусі зноў пагоршыўся


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Standard & Poor’s» панізіла доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг Беларусі па абавязацельствах у нацыянальнай валюце з «В+» да «В» і змясціла яго ў спіс «CreditWatch» («рэйтынгі на пераглядзе»).

Як адзначаецца ў паведамленні «Standard & Poor’s», агенцтва ў ацэнцы абапіраецца на прагноз сцэнару, паводле якога імаверныя значныя негатыўныя тэндэнцыі вонкавага фінансавання не змогуць кампенсавацца крокамі эканамічнай палітыкі.

Тое, што рэйтынг Беларусі трапіў у спіс «CreditWatch», адлюстроўвае вялікую імавернасць яго зніжэння, калі ўрад краіны не зможа забяспечыць вонкавага фінансавання для пакрыцця значнага дэфіцыту на рахунку бягучых аперацыяў або калі патрэба ў вонкавым фінансаванні вырасце ў звязку са скарачэннем банкаўскіх дэпазітаў. Гэтыя фактары працягваюць аказваць ціск на абменны курс, нягледзячы на дэвальвацыю рубля 24 траўня 2011 года. Паводле агенцтва, дэвальвацыя нацыянальнай валюты істотна павялічыла пазыковы цяжар для ўраду.

«Краіна застаецца ўразліваю перад неспрыяльнымі тэндэнцыямі на вонкавым фінансавым рынку з-за эканамічнага і палітычнага ціску, а таксама вельмі нізкага ўзроўню рэзерваў», – канстатуе «Standard & Poor’s».

На думку экспертаў агенцтва, у далейшым пераход ад бягучага абменнага рэжыму да гнуткага абменнага курсу і ўзмацненне жорсткасці фіскальнай і манетарнай палітыкі могуць прывесці да зніжэння патрэбаў у вонкавым фінансаванні і дазволяць захаваць давер інвестараў.

Акрамя таго, узмацненне жорсткасці фіскальнай палітыкі можа быць важным фактарам зніжэння інфляцыйнага ціску, які нядаўна прывёў да ўсплёску інфляцыі, што, у сваю чаргу, можа і ў далейшым перашкаджаць дасягненню макраэканамічнай стабільнасці.

«Мы можам панізіць рэйтынг, калі перспектывы вонкавага фінансавання (відаць, у форме крэдытаў ад ЕўрАзЭС і паступленняў ад прыватызацыі) не рэалізуюцца ці рэалізуюцца часткова, што можа прывесці да далейшага зніжэння курсу нацыянальнай валюты і стрэсавай сітуацыі ў эканоміцы», – гаворыцца ў паведамленні «Standard & Poor’s».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары