Пяць кілаграмаў на аднаго чалавека (абноўлена)


Жыхары Гомля, даведаўшыся пра заўтрашняе павышэнне коштаў на цукар на 40 % (да 5000 руб. за кілаграм), масава скупляюць яго па старой цане (3600 руб. за кілаграм).

Яшчэ ўчора ў некаторых крамах цукру не было зусім або не дазвалялася браць па 10–20 кг. Пра гэта паведаміў жыхар Гомля Арцём Адаменка: «Я намагаўся купіць 20 кілаграмаў цукру ва ўніверсаме «Сельмашаўскі», але на мяне накінуўся з крыкамі «навошта вам столькі цукру?» мужчына, які прадставіўся дырэктарам крамы. Ён хацеў выгрузіць цукар з майго вазка. Потым мне не хацелі адпускаць цукар ужо на касе. Гандляры пераконвалі мяне, што нельга купляць больш за пяць кілаграмаў у адныя рукі», – кажа Адаменка. Ён усё ж такі здолеў купіць цукар, але пакінуў запіс у кнізе скаргаў – «аб парушаных правах пакупніка і маральным прыніжэнні».

Свае прыгоды Арцём зняў на камеру мабільнага тэлефона.

А сёння норма набыцця цукру ў Гомлі зменшылася да 2 кг на чалавека. У гандлі дапамагае міліцыя.

У некаторых крамах цукру ўжо няма, у іншых пакупнікі патрабуюць прадаць ім салодкі прадукт. Наведнікі аднаго з гомельскіх гіпермаркетаў сабраліся з вазкамі каля аддзелу, дзе мусіў быць цукар, і патрабавалі ў адміністрацыі прадаць ім тавар.

Гомельцы былі настроеныя рашуча, пагражалі прадстаўнікам адміністрацыі крамы выклікаць міліцыю. «Мы цяпер АБЭЗ [аддзел барацьбы з эканамічнаю злачыннасцю] выклічам на іх, хай толькі не прададуць нам цукар», – сказала адна з пакупніц.

Нарэшце вывезлі вазок з цукрам, фасаваным па 2 кг, яго суправаджаў прадстаўнік адміністрацыі крамы і міліцыянт. Пакупнікі рынуліся разбіраць пакеты, але прадавец выдаваў толькі па 2 кг у рукі, тлумачачы, што «больш на касе ўсё роўна не праб’юць». Міліцыянт тым часам сачыў за парадкам.
belsat.eu

Стужка навінаў