Барак Оўбама асудзіў выракі беларускім апазіцыянерам


На старонцы Белага дому размясцілі заяву прэзідэнта ЗША.

«Я рашуча асуджаю выракі апазіцыйным кандыдатам на прэзідэнта Уладзіміру Някляеву, Андрэю Саннікаву, Віталю Рымашэўскаму, Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Вусу ў Беларусі. У ЗША лічаць палітычнымі зняволенымі адважных актывістаў і кандыдатаў, арыштаваных і абвінавачаных у звязку з падаўленнем пратэсту 19 снежня», – заявіў прэзідэнт ЗША.

Ён падкрэсліў, што працэсы над апазіцыянерамі «былі палітычна матываваныя і не адпавядалі нават мінімальным стандартам сумленнага і незалежнага правасуддзя».

Оўбама падкрэсліў, што на дадатак да санкцыяў, ужо ўведзеных урадам ЗША (абмежаванне на паездкі для беларускіх чыноўнікаў і замарожванне іхных фінансавых актываў), Злучаныя Штаты будуць праводзіць палітыку новых санкцыяў супраць асобных беларускіх дзяржпрадпрыемстваў.

«Гэтыя захады накіраваныя супраць адказных за рэпрэсіі, у прыватнасці, прэзідэнта Лукашэнкі, і не накіраваныя супраць народа Беларусі, – адзначыў Барак Оўбама. – Мы ўзгадняем дзеянні з іншымі ўцягнутымі ўрадамі, каб забяспечыць прыцягненне да адказнасці беларускіх чыноўнікаў, адказных за гэтыя рэпрэсіўныя акцыі, шляхам рэалізацыі гнуткага міжнароднага рэжыму санкцыяў».

Барак Оўбама паведаміў, што ЗША павялічылі фінансавую дапамогу, накіраваную на падтрыманне дэмакратычных рэформаў у Беларусі. «Мы далучаемся да ЕЗ ды іншых нашых саюзнікаў і партнёраў у падтрыманні імкнення народу Беларусі да сучаснага, дэмакратычнага і квітнеючага грамадству ў межах Еўропы», – заявіў амерыканскі лідар.

belsat.eu

Стужка навінаў