Праграма Раманчука – «экстрэмісцкая»?


Міністр эканомікі Андрэй Тур раскрытыкаваў праект эканамічнай праграмы Яраслава Раманчука. “Усе неаліберальныя праграмы носяць экстрэмісцкі характар, які праяўляецца ў тым, што асобныя палажэнні вядуць да выключэння або супрацьпастаўлення адно аднаму”, – заявіў чыноўнік.

Пры гэтым міністр эканомікі заявіў, што знаёмы толькі з асобнымі пунктамі праграмы Яраслава Раманчука, але, паводле чыноўніка, гэтага хапіла, каб зразумець, што яна, “як і любая праграма, мае як пазітыўныя моманты, так і недахопы”.

Міністр таксама прывёў прыклад з праграмы, дзе, паводле Андрэя Тура, немагчыма адначасова скараціць значную долю падаткаабкладання або сацыяльнага падатку і пры гэтым падвысіць пенсіі.

“Раманчук ніколі не працаваў у органах дзяржаўнага кіравання і не мае базавай эканамічнай адукацыі. Гэта не азначае, што ён не можа разбірацца ў эканоміцы. У яго не было магчымасці паўдзельнічаць у выпрацоўванні сапраўдных рашэнняў, і ў гэтай частцы праграма вельмі экстрэмісцкая”, – дадаў Андрэй Тур.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук ідзе на выбары з праграмаю “Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі”. Асноўную крыніцу для рэалізацыі дэкларацыяў Раманчук бачыць у прадпрымальніцтве і малым бізнесе.

Пасля правядзення рэформы, прагназуе ён, скароціцца колькасць занятых у сельскай гаспадарцы (з 9,5% да 7%) і прамысловасці (з 39,7% да 30%), але павялічыцца ў сферы паслугаў (з 51% да 63%).

“У аснове маёй перадвыбарнай праграмы дакладны разлік, а не ўтопія, – заявіў Яраслаў Раманчук падчас прэзентацыі сваёй праграмы. – Яна дазволіць захаваць найлепшае і стварыць новае. Мы захаваем найлепшае, што ёсць на рынку працы і ў эканоміцы Беларусі. Найлепшае выжыве і будзе квітнець без апекі наменклатуры. Мы створым новае. Новае – гэта тое, што абірае моладзь. Новае нясуць нам прадпрымальнікі ды бізнес. Новае – гэта тое, што рухае прагрэс і павышае сацыяльныя стандарты людзей сталага веку”.

belsat.eu

Стужка навінаў