Прадукцыі «Віцязя» не купляюць, нягледзячы на ажыятаж


Прадпрыемства – на мяжы банкруцтва. Каб плаціць заробкі, завод вырабляе фурнітуру для абутку.

Міністэрства прамысловасці тэрмінова распрацоўвае праграму стратэгічнага развіцця прадпрыемства. Паводле намесніка міністра Генадзя Свідзерскага, праграма адбівае рэаліі прадпрыемства. “Трэба разгледзець, ці магчыма развіваць на “Віцязі” інструментальны, цяплічны кірунак. Але калі вынікаў да 1 ліпеня не будзе, трэба прымаць радыкальныя захады”, – адзначыў чыноўнік.

Радыкальныя захады не абмяжуюцца звальненнем кіраўніцтва заводу. Цяпер паўстае пытанне: ці можа прадпрыемства працаваць самастойна? Калі гэта немагчыма, адбудзецца аб’яднанне з іншым прадпрыемствам ці продаж заводу.

Апошнія гады “Віцязь” меў сур’ёзныя праблемы са збытам уласнай электроннай прадукцыі. Асноўны замежны рынак – Расея, але на тры гады запар экспарт быў прыпынены. Запазычанасць у выплатах у дзяржаўны бюджэт склала Br 4,8 млрд.

Нягледзячы на ажыятажны попыт насельніцтва на побытавую тэхніку і тэлевізары, тавары “Віцязю” застаюцца незапатрабаванымі – на складзе захоўваецца прадукцыі на Br 22 млрд.

Сітуацыю пагаршае тое, што камплектныя дэталі для тэхнікі завод набывае за мяжою. “Каля 50 % усёй нашай прадукцыі – побытавая тэхніка. Для яе выпуску нам патрэбныя імпартныя камплектныя – плазмавыя панэлі, кінескопы, напрыклад. Толькі 30 % дэталяў айчынныя, рэшту мы набываем за мяжою, – апавядае галоўны інжынер Валер Зайцаў. – На гэта патрэбная валюта, якой папросту няма”.

Кіраўніцтва заводу спрабуе захавацца і навязвае сувязі з інвестарамі з Расеі ды Іспаніі. Але пакуль на заводзе вымушаныя вырабляць нават фурнітуру для абутку, каб мець магчымасць плаціць заробкі. Працаўнікоў, дарэчы, на прадпрыемстве засталося 340 чалавек. Сярэдні заробак за апошні месяц склаў Br 793 000.

belsat.eu

Стужка навінаў