Карбалевіч: Жорсткі прысуд Вусу – папярэджанне бізнэсоўцам


https://youtu.be/la7MQORcGF4
«Бізнэс і палітыка ў Беларусі не павінны перакрыжоўвацца», – такое пасланне, паводле палітолага Валера Карбалевіча, агучыў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

26 траўня экс-кандыдаты на прэзідэнта Мікалай Статкевіч ды Дзмітрый Вус атрымалі адпаведна на 6 і 5 з паловаю гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю акцыі пратэсту апазіцыі 19 снежня 2010 г. Разам з імі асудзілі некалі фігурантаў справы аб масавых беспарадках. Былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Аляксандр Квяткевіч, Зміцер Буланаў, Арцём Грыбкоў – па 3 з паловаю, 3 і 4 гады пазбаўлення волі адпаведна, Андрэй Пазняк – 2 гады без скіравання ў калонію.

«Прысуд Вусу стаў нечаканым, бо некаторыя кандыдаты пазіцыянавалі сябе як апазіцыянеры і выступалі з рэзкай ацэнкай дзейнасці прэзідэнта. Вус жа ніколі апазіцыянерам не быў – і раптам такі прысуд. Я бачу тут тлумачэнне толькі адно: Вус – прадпрымальнік. Трэба было паказаць усім, што прадпрымальніцтва і палітыка на Беларусі не павінны перакрыжоўвацца», – пракаментаваў «Белсату» учорашнія прысуды палітолаг Валер Карбалевіч.

Навошта тады рэжым браў тайм-аут перад вынясеннем выраку? (Абвяшчэнне прысуду перанеслі з 20 на 26 траўня). «Па-першае, напярэдадні важнага рашэння Еўрапейскага Звязу наконт санкцыяў у Беларусі не хацелася даваць аргумент прыхільнікам жорсткай лініі ў адносінах да Беларусі. Другое – падчас саміту СНД у Менску, калі сюды прыехалі прэм’еры, не зусім ёмка было выносіць прысуд».

Паводле эксперта, было відавочна, што на гэтым судзе будуць самыя высокія тэрміны: «Калі не браць пад увагу заяву Лукашэнкі пра вызваленне, дык не здараылася нічога дзіўнага. Гэта быў сігнал Захаду, што афіцыйны Меснк гатовы да дыялогу і да гандлю. Прычына зразумелая – беларускае кіраўніцтва атрымала фігу ад Расеі ў плане крэдытаў. Таму цяпер трэба шукаць іншай крыніцы грошай. І таму гэтая паездка ў Казахстан, і таму сігналы на Захад».

Пакуль што пазіцыі бакоў вельмі адрозніваюцца. Захад патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў. Беларускі бок чакае, што яму нешта прапануюць наперад, напрыклад, крэдыты МВФ.

Што можа прымусіць Лукашэнку выпусціць палітвязняў? «Па-першае, народнае абурэнне, калі б тысячы людзе пратэставалі пад турмамі, гэта быў бы моцны аргумент. Ну і другое – ціск з боку Захаду: або моцны бізун, або моцны пернік. Пакуль што ні таго, ні другога Лукашэнку не прапанавалі», – падсумаваў Валер Карбалевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары